Разлік балаў ЦТ змяняецца. Будуць улічвацца часткова правільныя адказы


З наступнага году вынікі цэнтралізаванага тэставання будуць падлічваць паводле новай методыкі, гаворыцца на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. Новая сістэма дазволіць зрабіць вынікі ЦТ больш празрыстымі. Новую методыку спраўдзяць ужо на бліжэйшым рэпетыцыйным тэставанні.

Што зменіцца

1. Да пачатку ЦТ абітурыент будзе ведаць, колькі балаў ён атрымае за дакладна выкананае заданне. Поўная табліца з баламі апублікаваная тут.

2. Падлічваць вынік будуць у два этапы: спачатку вызначаць першасны бал, пасля – выніковы.

Першасны бал – гэта сума балаў, якую абітурыент можа набраць за дакладна выкананыя заданні.

Напрыклад, максімальны першасны бал па мовах – 80, па фізіцы і матэматыцы – 42, па хіміі, біялогіі, гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі, геаграфіі, грамадазнаўстве – 62, па замежнай мове – 72.

Каб атрымаць выніковы тэставы бал, першасны бал будзе множыцца на каэфіцыент, які вызначаць у працэсе праверкі іншых прац. То бок выніковы бал будзе адлюстроўваць не абсалютны асабісты вынік абітурыента, а тое, як добра ці дрэнна ён выканаў тэст у параўнанні з іншымі абітурыентамі.

Як будзе вызначацца гэты каэфіцыент, РІКВ не ўдакладняе, піша tut.by.

3. З гэтага навучальнага года ў заданні з некалькімі варыянтамі адказу, ацэненага ў два «першасных» бала, можна зрабіць адну памылку і атрымаць адзін бал.

Калі ў заданні ёсць пяць варыянтаў адказу, з якіх два ці больш з’яўляюцца вернымі, то два балы будуць налічаны за цалкам правільны адказ, адзін бал – за адну дапушчаную памылку, нуль балаў – калі ў адказе больш за адну памылку або адказу няма зусім.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў