«Разбуры турмы муры». У Магілёве прайшоў ужо 4-ы пікет у падтрымку Святланы Ціханоўскай


Магілёў стаў першым беларускім горадам, дзе адбыліся пікеты ў падтрымку Святланы Ціханоўскай. Давераныя асобы Святланы ўжо чатыры дні запар збіраюць людзей і ладзяць агітацыю ўласнымі сіламі. Колькасць удзельнікаў пікетаў вагаецца: ад сотні да 500 чалавек. Belsat.eu пагутарыў з людзьмі, каб даведацца пра іх уласныя матывы і чаканні.

Для людзей на пікеце гучыць музыка і працуе вольны мікрафон.
Фота: Belsat.eu

Давераная асоба Святланы Ціханоўскай, палітык Уладзімір Шанцаў, як раз сёння (21 ліпеня) атрымаў з Магілёўскага гарвыканкаму адказ на свой зварот наконт месцаў для агітацыі. Раней ён з іншымі сябрамі ініцыятыўных груп патрабаваў, каб выбарчыя пікеты можна было праводзіць у цэнтры гораду. Але Магілёўскія ўлады пакінулі сваё рашэнне нязменным: ладзіць перадвыбарчую агітацыю можна толькі ля Лядовага палацу і ля спартовага комплексу «Алімпіец».

Палітык Уладзімір Шанцаў.
Фота: Belsat.eu

– Улады адказалі нам, што на спартовы комплекс «Алімпіец» можна вельмі зручна даехаць грамадскім транспартам – усяго адна перасадка. Перасадка! – смяецца Уладзімір Шанцаў. – А цэнтр улады пакінулі для агульнагарадскіх мерапрыемстваў. Але ж наш пікет для ўсіх, ён таксама агульнагарадскі! Чаму так ставяцца да людзей?

Усе чатыры пікеты ў падтрымку Святланы Ціханоўскай Шанцаў разам з камандай правялі ля Лядовага палацу і адсюль сыходзіць не збіраюцца.

– Сёння Святлана Ціханоўская выступала ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання. Час эфіру як раз супаў з часам нашага пікету і мы вывялі яе выступ на экран, каб усе прысутныя на пікеце маглі паглядзець на сваю кандыдатку, – кажа Уладзімір Шанцаў.

Трансляцыя выступу Святланы Ціханоўскай на пікеце.
Фота: Belsat.eu

Людзі дапамаглі апаратурай

Паводле давераных асобаў Ціханоўскай, у Магілёве яны маюць вялікую падтрымку. Людзі дапамагаюць нават усім, чым могуць. Спатрэбіўся экран – прывезлі экран, спатрэбіўся праектар – прывезлі праектар. Таксама дапамаглі з генератарам.

– Нашая задача на дадзеным этапе – сабраць людзей, паказаць ім, што выходзіць на пікеты не страшна. Мы хочам, каб людзі прыйшлі і паглядзелі, колькі ў іх аднадумцаў. Мы запрасілі музыкаў, але даем слова і тым, хто хоча выказацца, у нас працуе вольны мікрафон. Учора нават далі слова жанчыне, якая выказвалася за Лукашэнка. Але трэба разумець, што гэта пікет у падтрымку Святланы Ціханоўскай і яе прыхільнікаў тут абсалютная большасць.

Магілёўцы прыходзяць на пікет проста адпачыць і сустрэцца з сябрамі.
Фота: Belsat.eu

Спяваем «Разбуры турмы муры» на ўвесь горад

Напачатку і напрыканцы пікету арганізатары ладзяць калектыўны спеў песні «Разбуры турмы муры». Гэта, на іх думку, выклікае ўздым у натоўпе. Людзі спяваюць проста на вуліцы, у грамадскім месцы – гэта дакладна здымае іх скаванасць, мяркуе Шанцаў.

Народная творчасць у дзеянні.
Фота: Belsat.eu

І сапраўды, сёння на пікеце усе, да каго мы падышлі, былі адкрытыя і гатовыя дзяліцца сваймі думкамі, уражаннямі.

Алена, як і многія іншыя ўдзельнікі пікету, прыехала сюды на ровары. Дзяўчына прызналася, што прыходзіла на ўсе чатыры пікеты ў Магілёве і збіраецца прыходзіць надалей. Другі дзень Алена раздае на пікеце белыя стужкі, якія можна завязаць на руцэ.

Алена бясплатна прапануе ўдзельнікам пікету белыя стужкі.
Фота: Belsat.eu

– Раней я не цікавілася палітыкай і ў прынцыпе думала, што нічога змяніць нельга. Але аднойчы муж скінуў відэа каналу «Страна для жизни». Мне падалося, што Сяргей Ціханоўскі кажа правільныя рэчы. Мы зразумелі, што цяпер той момант, калі ёсць лідары, і мы павінны іх максімальна падтрымаць, – кажа Алена.

Белая стужка – сімвал, які прапанаваў аб’яднаны штаб.
Фота: Belsat.eu

На думку дзяўчыны магілёўскаму пікету не хапае масавасці, не хапае інфарматыўнасці. Пакуль Алена стаяла на пікеце, напісала верш і нават скарысталася магчымасцю прачытаць яго ў мікрафон.

Раман прыехаў на пікет са сваёй жонкай Кацярынай. Абодва – на роварах.

– Надакучыла ўсё, што адбываецца ў Беларусі. Колькі гэта можна трываць. Таму мы прыйшлі. Страху няма, бо я з 2006 году ўдзельнічаю ў выбарах. Тады ледзь не адлічылі з вучобы. Але на гэты год я вельмі моцна спадзяюся, хачу пераменаў. У прынцыпе я не прыхільнік Ціханоўскай ці іншых кандыдатаў, але вельмі хачу, каб быў хоць чорт лысы, але толькі не Лукашэнка, – сказаў Раман.

Раман і Кацярына.
Фота: Belsat.eu

На думку хлопца, яшчэ ніколі ў Беларусі не было такога народнага ўздыму.

– Я працую на прадпрыемстве. Там 1000 чалавек і я не сустракаў ніводнага, хто быў бы за дзейную ўладу. Але ніхто не выходзіць на пікеты – усе баяцца за працы, за крэдыты. Людзі баяцца выходзіць, але яны будуць галасаваць. У мяне лепшы сябар настаўнікам працуе, яму нават забараняюць ставіць лайкі пад навінамі пра альтэрнатыўных кандыдатаў. Сам я не працую нейкім генеральным дырэктарам, каб баяцца, сёння адна праца, заўтра – іншая, – кажа Раман.

Алена прыйшла на пікет у кампаніі сям’і: з мужам, сястрой і сабакам. Кажа, што прыйшлі сюды пешшу з іншага раёну. Прыйшла ўжо другі раз. Калі ўсе спяваюць «Разбуры турмы муры», сабака далучаецца – брэша.

Алена прыйшла на пікет ужо другі раз у кампаніі мужа, сястры і сабакі.
Фота: Belsat.eu

– Я прыйшла, як і ўсе, выразіць сваю грамадзянскую пазіцыю. Я хачу нармальных, сумленных выбараў у нашай краіне. Мне не падабаецца тое бязмежжа, якое адбываецца з кандыдатамі, – кажа Алена.

Паводле жанчыны, палітыкай яна пачала цікавіцца, калі сын паказаў дома канал «Страна для жизни». Пасля гэтага яны з сям’ёй хадзілі аддаваць голас за Ціханоўскага, затым падтрымалі Бабарыку і Цапкалу. І цяпер усе размовы дома ў Алены адбываюцца пераважна на палітычныя тэмы.

– Мы сыходзім адсюль натхнёныя. Сюды я магу прыйсці ў дрэнным настроі, але сыходжу абавязкова ў добрым, з верай у перамены, – кажа Алена. І прызнаецца, што сярод яе атачэння большасць людзей не вераць у перамены.

Пікет у падтрымку Святланы Ціханоўскай у Магілёве ладзяць ля Лядовага палацу.
Фота: Belsat.eu

Пакуль на пікеце не хапае атрыбутыкі. Гэта адчуваюць самі людзі, таму прыносяць, што палічаць патрэбным. Наталля зрабіла плакаты з сімваламі аб’яднанага штабу.

– Зараз новыя кандыдаты задалі вельмі хуткі тэмп і людзі, якія падтрымліваюць старую ўладу, магчыма, не паспеюць за гэтым тэмпам. А мы прарвёмся наперад, будзем бегчы хутка і ў нас усё атрымаецца! – выказалася жанчына.

Наталля натхнілася лагатыпам аб’яднанага штабу.
Фота: Belsat.eu

У бліжэйшы час арганізатары пікету плануюць узяць пару дзён перапынку. Але ўжо маюць планы аб’ехаць некалькі раённых гарадоў.

Удзельнікі пікету адкрыта выкарыстоўваюць нацыянальную сімволіку.
Фота: Belsat.eu

Вольга Васільева Belsat.eu

Стужка навінаў