Разам супраць COVID-19: як дапамагчы, не выходзячы з дому


Хочаш дапамагчы медыкам у барацьбе з каронавірусам, але не ведаеш як і баішся трапіць на махляроў? Спецыяльна для цябе, а таксама для кожнага, хто хоча супрацьстаяць пандэміі, Belsat.eu зрабіў падборку дабрачынных кампаніяў, якія збіраюць сродкі, каб абараніць краіну ад каронавіруса.

Міністр здароўя Уладзімір Каранік заявіў, што на пік захворвання COVID-19 Беларусь выйдзе ў канцы красавіка ці ў пачатку траўня.

А гэта значыць, што барацьба з каронавірусам працягнецца і самыя галоўныя бітвы наперадзе. Медыкі, якія знаходзяцца на першай лініі фронту, прызнаюцца, што ім перш за ўсё не хапае сродкаў індывідуальнай абароны. Як кожны з нас можа дапамагчы лекарам нават не выходзячы з дому? Мы сабралі асноўныя пляцоўкі, на якіх адбываецца збор грошай, каб забяспечыць медыкаў усім неабходным як мага хутчэй.

Hавiны
Няма эпідэміі, але патрэбная дапамога, каб змагацца з ёю? Беларусь просіць у Еўразвязу грошы
2020.04.09 14:45

MolaMola

На пляцоўцы MolaMola размешчаны 23 кампаніі па зборы сродкаў на барацьбу з каронавірусам. Дапамагаюць актывісты не толькі медыкам, але і сталым асобам, і бяздомным.

«У больніцах Беларусі не хапае сродкаў індывідуальнай абароны для лекараў, – гаворыцца на старонцы кампаніі. – Нас зараз абсалютна не цікавіць, як атрымалася такая сітуацыя і хто ў ёй вінаваты. Галоўнае, што нас цяпер цікавіць, – гэта што рабіць. І рабіць гэта прама цяпер, не заўтра, не праз тыдзень, калі непаваротлівыя жорны сістэмы могуць пачаць працаваць».

Валанцёры збіраюць грошы на аднаразовыя ахоўныя камбінезоны, маскі і рэспіратары індывідуальнай абароны класа FFP2 і FFP3, ахоўныя акуляры. Таго, што выдаюць лекарам, недастаткова. Таксама збіраюць грошы на дадатковае харчаванне лекараў.

Кампанія ўжо сабрала Br 158 714 . Далучыцца і ахвяраваць грошы можна тут.

Hавiны
У Беларусі колькасць інфікаваных каронавірусам амаль дасягнула 1,5 тысячаў. Памерлі 16 чалавек
2020.04.09 10:42

Дапамога грашыма і валанцёрствам

Актывісты аб’ядналіся, каб падтрымаць медыкаў. Гэта не толькі грошы. Кампанія #ByCovid19 запусціла сайт, дзе кожны можа вырашыць, як ён хоча дапамагчы ў змаганні з каронавірусам. Актывісты таксама збіраюць заяўкі ад лекараў – што менавіта цяпер ім патрэбна. Калі вы працуеце ў лякарнях ці хочаце дапамагчы лекарам і валанцёрам, то вам сюды.

Збярэм ссабойку доктару

Рэстаран Grillman зачыніўся для наведвальнікаў і працуе на тое, каб накарміць лекараў на працы хатняй смачнай ежай. З 26 красавіка каманда корміць гарачымі абедамі медперсанал Менскай гарадской клінічнай інфекцыйнай больніцы. З 1 красавіка яны развозяць 100 порцый абедаў штодня для менскай лякарні № 6.

«Мы ўсё роўна плацім арэнду, камуналку і зарплату персаналу. У нас ёсць усё неабходнае абсталяванне. Мы самі і нашы партнёры пацягнем большую частку выдаткаў. Нам дапамагаюць ужо многія. Аднак, нашы партнёры і мы не можам пакрыць усе выдаткі, таму мы звяртаемся да вас па дапамогу».

Удалося сабраць ужо Br 38 625. Зрабіць свой унёсак можна тут.

Hавiны
Дзеці могуць не хадзіць у школу. У Менску зацвердзілі план барацьбы з COVID-19
2020.04.08 17:26

Шматразовыя бясплатныя маскі

Кампанія Symbal.by пераарыентавала швейны цэх на вытворчасць шматразовых масак ды іх бясплатны распаўсюд для тэрміновых патрэбаў. Кампанія сабрала Br 9 534. Дапамагчы ініцыятыве можна тут.

Абарона сацыяльных працаўнікоў

Збор сродкаў у сувязі з пандэміяй каронавірусу праводзіць і праект «Имена». Грошы мусяць ісці на закупы сродкаў абароны для 15 000 сацыяльных працаўнікоў, 175 медычных сясцёр Чырвонага крыжа і прыкладна 175 валанцёраў.

«Патрэбныя антысептыкі, пальчаткі, ахоўныя халаты, маскі – менавіта аднаразовыя, якіх не хапае. Гэтыя людзі некалькі разоў на тыдзень абыходзяць 92 000 адзінокіх хворых пажылых людзей. Носьбітам віруса можа быць любы – уключаючы сацыяльных працаўнікоў, медсясцёр, валанцёраў. Каб абараніць і адных, і другіх, важна цяпер сабраць Br 469 791», – падкрэсліваюць «Имена».

Кампанія разлічаная на тое, каб забяспечыць сацыяльных працаўнікоў, медыкаў і валанцёраў аднаразовымі сродкамі аховы на трохмесячны тэрмін – з красавіку па чэрвень. Ужо сабралі 41 % агучанай сумы – Br 205 501. Павялічыць дабрачынныя сродкі можна тут.

Hавiны
Сбербанк: адмова ўводзіць каранцін не дазволіць Беларусі пазбегнуць рэцэсіі ў эканоміцы
2020.04.08 09:49

Міністэрства аховы здароўя

Дабрачынныя рахункі ў беларускіх рублях ды еўра для ўсіх, хто хоча дапамагчы ў барацьбе з каронавірусам, мае Міністэрства аховы здароўя. Яшчэ 24 сакавіка ў ведамстве паведамілі, што сродкі будуць накіраваныя на правядзенне санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў, а таксама на выяўленне і лячэнне пацыентаў з COVID-19. Рахунак належыць дзяржаўнай установе «Рэспубліканскі цэнтр арганізацыі медычнага рэагавання». Грошы з яго будуць размяркоўвацца пасля ўзгаднення з Міністэрствам аховы здароўя.

«Мы вітаем падтрымку грамадства і зможам выкарыстоўваць дабрачынную дапамогу ў мэтах закупаў абсталявання для лабараторнай дыягностыкі COVID-19, дыягнастычных набораў, ахоўных сродкаў, лекавых прэпаратаў, а таксама на аказанне дапамогі хворым», – падкрэсліла прэс-служба міністэрства.

Рэквізіты рахункаў можна знайсці тут.

Аб’ектыў
Як менчукі шыюць касцюмы ды вырабляюць абарончыя маскі для медыкаў
2020.04.06 22:26

Асцярожна, махляры!

На жаль, ёсць і махлярства пад выглядам дабрачыннасці. Напрыклад, «БПС-Сбербанк» 23 сакавіка распаўсюдзіў прэс-рэліз, што махляры імітуюць афіцыйную рассылку на мабільны тэлефон і паведамляюць аб аднабаковым рашэнні банку пералічыць працэнты па дэпазіце ў Фонд барацьбы з каронавірусам у адпаведнасці з пастановаю Савету міністраў.

«Памятайце, Банк ніколі не робіць такога кшталту рассылак і наяўнасць гэтай пастановы з’яўляецца хлуснёй», – падкрэслілі ў «БПС-Сбербанку».

У банку раяць кліентам нікому не паведамляць свае паролі і нумары картак, не адказваць на такія паведамленні і не пераходзіць па спасылках.

УВАГА!

Тэлеканал «Белсат» не збірае грошы на дапамогу медыкам, мы прадстаўляем спраўджаную інфармацыю, на якіх пляцоўках адбываецца збор сродкаў і падказваем, да якіх ініцыятыў можна далучыцца нават не выходзячы з дому.

Абаронім медыкаў разам, каб было каму нас ратаваць ад нябачнага ворага!

Анастасія Русецкая Belsat.eu

Стужка навінаў