6 снежня ў Беларусі праходзяць пратэставыя акцыі пад агульнай назвай Марш волі. Беларусы пратэставалі як у сталіцы, гэтак і ў іншых населеных пунктах па ўсёй краіне.
Удзельнікі акцыяў збіраліся ў сваіх дварах і рушылі па самастойна вызначаных маршрутах. Ужо 120-ы дзень беларусы патрабуюць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, вызвалення палітвязняў і спынення міліцэйскага гвалту.
У Менску акцыі адбыліся ў дзясятках мікрараёнаў. Шмат дзе былі затрыманні. Сілавікі прыязджалі на разгон з сабакамі, ужывалі спецсродкі. Былі заўважаныя вадамёты.
У двары Рамана Бандарэнкі на плошчы Пераменаў у Менску людзі скандуюць: «Не забудзем, не даруем!», на вуліцы Асіпенкі – «Жыве Беларусь!».
Вялікая калона ўдзельнікаў маршу ішла па вуліцы Ангарская. Ва Уруччы былі чуваць стрэлы. Калоны ў Каменнай Горцы і Масюкоўшчыне разагналі сілавікі.
Не менш за трох чалавек затрымалі каля ўваходу ва ўнівермаг «Беларусь», таксама былі затрыманні каля ГЦ «Рыга», на вуліцы Бурдзейнага ды ў іншых месцах.
Змаглі сабрацца ў вялікую калону «Шарыкі».
У Курасоўшчыне калона каля 500 чалавек рухалася ў бок цэнтру. Яе разагналі сілавікі. Частка людзей зноў сабралася ў калону і рушыла ў бок Лошыцы. Другая частка збіраецца ў дварах.
Падобная сітуацыя ў парку на вуліцы Жудро. Сілавікі заехалі ў парк, дзе гулялі людзі з дзецьмі, і пачалі затрымліваць хлопцаў. Бацькі пачалі крычаць на сілавікоў за тое, што дзеці гэта бачаць.
Тым не менш, жыхары ваколіц станцыі метро «Спартыўная» выйшлі пагуляць.
На вуліцы Прытыцкага ў Каменнай Горцы людзі выходзілі з кветкамі да дарогі.
«Сыходзь!» – крычалі жыхары раёну Камвольнага камбінату ў Менску.
Таксама людзі сабраліся і ў цэнтры – каля Вялікага тэатру оперы і балету.
Гуляла і Малінаўка.
У жыхароў «Маяка Менску» была свая атмасфера.
Пасля карагоду яны выйшлі вялікай калонай.
У раёне Кіеўскага скверу таксама сфармавалася калона суседзяў. З цягам часу колькасць яе ўдзельнікаў дасягнула тысячы чалавек. Людзі скандавалі «Смотри в окно, а не в телевизор!» і перадавалі прывітанне Хабараўску.
У дварах Жукоўскага АМАП затрымаў каля 10 чалавек. Было чуваць стрэлы і відаць дым. Пасля сілавікі затрымлівалі людзей у раёне метро «Кавальская Слабада».
Калона з некалькіх дзясяткаў пратэстоўцаў ішла і па вуліцы Куйбышава.
А ў Сухараве-3 быў разгон і хапун каля 10-й паліклінікі.
Побач з Маскоўскім рынкам на Паўднёвым Захадзе сабралася каля 10 чалавек. Пад’ехаў бус з сілавікамі – людзі разбегліся. Сілавікі спрабавалі дагнаць, але не атрымалася.
На праспекце Любімава ў Менску сілавікі хапалі звычайных мінакоў. Нашыя чытачы пішуць, што калоны ў тым раёне не было.
У Берасці людзі сабраліся на развітанне ў двары, дзе жыў Раман Рашэцкі. Яму было 43 гады, 4 снежня ён памёр праз сардэчны прыступ пасля таго, як выйшаў з мясцовага СІЗА. Раман Рашэцкі браў актыўны ўдзел у акцыях пратэсту. Пасля пахавання затрымалі актывіста Віталя Казака.
Прайшлі акцыі і ў іншых раёнах гораду.
У Горадні дробныя акцыі адбыліся па раёнах: Дзевятоўка, Вішнявец, Румлёва, Фолюш – ёсць затрыманні. Па цэнтральнай вуліцы Савецкай шпацыруюць жанчыны з БЧБ-парасонамі.
Таксама ў Горадні затрымлівалі журналістаў.
У Гомлі людзі здолелі на Савецкай утварыць калону з 20–30 чалавек. Яны ішлі без сімволікі, але іх усё адно разагнаў АМАП. Схапілі аднаго чалавека – Сяргея Пятрова. У яго быў значок з бел-чырвона-белым сцягам. Да таго ж у Гомлі каля цырку міліцыянты жорстка затрымалі, паваліўшы на зямлю, сталага чалавека на ровары.
Таксама ў Гомлі праходзіла акцыя салідарнасці з закрытай «Хлебнай майстэрняй». Сёння пякарня адкрылася, пакуль толькі на адзін дзень, і людзі адразу ж сталі ў чаргу, каб падтрымаць яе. Менш чым за паўдня мінакі раскупілі трохдзённы асартымент. Да другой гадзіны абяцаюць падвезці яшчэ круасанаў.
Суседскія маршы праходзілі і ў розных раёнах Жодзіна. Таксама на акцыі выйшлі жыхары Сёмкава і Віцебску.
Жыхары Заслаўя прыехалі ў госці да жыхароў Пятрышак, і яны разам прайшліся па вуліцах паселішча.
У Бабруйску каля 10 чалавек традыцыйна выйшла ў нядзелю на плошчу.
Да калоны ў Сокале далучыўся бела-чырвона-белы Дзед Мароз.
Невялікая акцыя прайшла і ў Лідзе.
Калона шпацыравала сёння і па Калодзішчах.
Аграгарадок Азярыцкая Слабада таксама выйшаў на Марш.
Агулам па краіне паведамляецца ўжо пра амаль 90 затрыманых. Сярод іх журналісты Марыся Харэвіч і Сяргей Людкевіч, музыка і паэт Уладзь Лянкевіч, легенда пратэстаў Ніна Багінская, 79-гадовая маці журналісткі Ганны Соўсь Ларыса, якая перажыла Галакост.
МГ belsat.eu
Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Андрэева («Белсат»), Дарʼя Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY).
Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх.
Куды пісаць:
Кацярына Андрэева (Бахвалава): 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.
Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.
Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.
Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!