Раварыстам вылучаць палосы на магістралях побач з Аўгустаўскім каналам


Роварныя маршруты на Аўгустаўскім канале далучаць да еўрапейскай сеткі міжнародных роварных трасаў.

«У Еўропе набываюць папулярнасць міжнародныя велавандроўкі – існуюць працяглыя маршруты даўжынёй тысячы кіламетраў, якія праходзяць па тэрыторыі некалькіх дзяржаваў. Некаторыя з іх пралягаюць зусім побач з нашымі межамі. Напрыклад, маршрут R11 «Грэцыя–Скандынавія» або маршрут «Green Velo», які злучае Балтыку і Закарпацце. Выхады на іх размешчаныя літаральна за 10 кіламетраў ад беларуска-польскай мяжы», – адзначыў у размове з «БелТА» Алег Андрэйчык, старшыня ўпраўлення спорту і турызму Гарадзенскага аблвыканкаму.

Чыноўнік распавёў, што выканкам працуе цяпер над уключэннем беларускіх веламаршрутаў у раёне Аўгустаўскага каналу (па беларускім баку) да міжнароднай сеткі.

Праца ў гэтым кірунку вядзецца ў тым ліку і з партнёрамі ў суседніх дзяржавах: гэтак Беларусь і Польшча распрацоўваюць некалькі праектаў для развіцця веласіпеднай інфраструктуры на памежжы.

Для гэтых мэтаў зменяць статус пункту пропуску «Лясная-Рудаўка» на Аўгустаўскім канале. Калі раней ён быў даступны толькі водным падарожнікам, то ў блізкай будучыні мінуць тут беларуска-польскую мяжу змогуць раварысты і пешаходы.

Ужо да сёлетняга турыстычнага сезону на Аўгустаўскім канале адкрыюць некалькі новых маршрутаў па найбольш маляўнічых месцах.

На беларускай частцы Аўгустаўскага каналу створаць інфраструктуру для падарожнікаў на двух колах, у тым ліку пункты пракату і абслугоўвання ровараў, крамы ды рэстарацыі.

Для бяспечнага руху веласіпедыстаў плануецца адаптаваць і аўтадарожную сетку шляхам стварэння вылучаных палосаў і веласцежак.

ДД

Стужка навінаў