Ратуйма супергрызуноў. Навукоўцы і грамадскасць дапамогуць сусліку, хамяку і вавёрцы-палятусе


Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» супольна з Навукова-практычным цэнтрам біярэсурсаў Акадэміі навук абвесціла пачатак праекту «Хамяк, суслік i палятуха: выратаваць супергрызуноў!». Гэта назва экалагічнай ініцыятывы – адной з пераможцаў конкурсу экалагічных ініцыятываў праекту «Экаманіторынг», які фінансуецца Еўрапейскім Звязам i рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў. Сэнс праекту: знайсці і вывучыць тры віды грызуноў з Чырвонай кнігі.

Хамяк – таемны жыхар

На сённяшні дзень навукоўцам невядома, колькі ў Беларусі налічваецца асобінаў хамяка, аднак паводле заолагаў за апошнія паўстагоддзя колькасць знізілася на 90 %. Адмыслоўцы плануюць разам з валанцёрамі шукаць грызуна на ўскрайках палёў і ўзлесках. У такіх месцах хамякі робяць сабе нару, якая можа дасягаць у дыяметры ажно 10 см. Адметнасць грызуна: ён можа рабіць запасы корму да 20 кг.

Хамяк, фота прадастаўленае АПБ

Рабы суслік

Суслік у адрозненне ад хамяка жыве калоніямі. Навукоўцы мяркуюць, што ёсць 20–25 такіх пасяленняў (у адным пасяленні – 60–80 нораў на 1 га). Як і хамякі, суслікі ўваходзяць у зімовую спячку, і спаць яны могуць цягам шасці месяцаў. За апошнія паўстагоддзя колькасць гэтых грызуноў таксама знізілася на 80–90 %.

Суслік рабы, фота прадастаўленае АПБ

Вавёрка, якая ўмее лётаць

Вавёрка-палятуха, якую лічылі да нядаўняга часу зніклай з тэрыторыі нашай краіны жывёлінай, усё-такі яшчэ засталася на паўночным усходзе Беларусі. Два гады таму адмыслоўцы знайшлі сляды яе жыццядзейнасці, а пасля і яе саму ў Гарадоцкім раёне. У вавёркі ёсць перапонка паміж пярэднімі і заднімі лапамі, што дапамагае ёй пералятаць з дрэва на дрэва. Селіцца яна ў дзятлавых дуплах у старых ліставых і змешаных лясах і на зямлю амаль не спускаецца. Галоўная пагроза гэтаму віду – суцэльнае высяканне старых лясоў, зразанне дуплістых дрэваў.

Вавёрка-палятуха, фота прадастаўленае АПБ

«Уплыў чалавека на зніжэнне колькасці гэтых трох відаў вялікі, калі не ключавы, – адзначае Сямён Левы, спецыяліст у прыродаахоўных пытаннях «Аховы птушак Бацькаўшчыны». – Мы будзем выяўляць месцы жыхарства гэтых відаў і перадаваць іх пад ахову».

Згодна з прыродаахоўным заканадаўствам, на кожнае месца жыхарства чырванакніжнага віду раслінаў ці жывёлы афармляецца адмысловы пашпарт і перадаецца землекарыстальніку (лясгасу, фермерскай гаспадарцы). Той, у сваю чаргу, мусіць ахоўваць гэты знойдзены чырванакніжны від.

Наста Кахановіч belsat.eu

Стужка навінаў