Раство з «Белсатам»: святочная тэлепраграма на 6 і 7 студзеня


Добрае кіно, новая гістарычная праграма ў незвычайным фармаце і святочныя рэпартажы нашай здымачнай групы з Віфлеему. «Белсат» можна глядзець праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4») або онлайн на нашай старонцы.

6 студзеня

18:05 У дакументальнай стужцы «Каханне» лаўрэатка Нобэлеўскай прэміі Святлана Алексіевіч зрабіла серыю інтэрв’ю з былымі савецкімі грамадзянамі, каб паказаць гэтую невядомую частку постсавецкае душы. Алексіевіч паказвае звычайных пенсіянераў і тых, хто толькі ажаніўся, цырульніка і этнолага, мастака і перакладчыка, а таксама шмат іншых, якія колісь зазналі каханне ды сёння, старанна падбіраючы словы, спрабуюць распавесці, што гэта быў за досвед. Рэж. Стафан Юлен (Staffan Juln), 2017 г., Швецыя

Кадр з праграмы «Лабірынты»

21:15 Прэм’ера «Лабірынтаў» – новага белстаўскага цыклу гістарычных праграмаў у стылі «history doc». Кожная серыя распавядае пра лёс, бадай, самых вядомых беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, мастакоў і рэжысёраў, а таксама іншых людзей мастацтва, якія жылі ў пачатку мінулага стагоддзя. Для паказу дакладнасці падзеяў той эпохі здымкі з акторамі праводзіліся ў рэальных гістарычных мясцінах і на падставе галаграфічных выяваў з архіўных матэрыялаў.

7 студзеня

13:20 У дакументальным фільме «Сапраўдны Шэрлак Голмз» («The Real Sherlock Holmes») навукоўцы з NASA, культуразнаўцы і дэтэктывы распавядаюць, як аповесці Артура Конан Дойла спрычыніліся да развіцця шмат якіх галінаў навукі ды чаму гэтая постаць па-ранейшаму адыгрывае важную ролю і робіцца папулярнаю сярод чарговых пакаленняў. Архіўныя запісы Артура Конан Дойла, інтэрв’ю, рэканструкцыі падзеяў і фрагменты апошніх фільмаў пра Шэрлака Голмза ствараюць вобраз сапраўднага жыцця выдуманай постаці. Рэж. Ґэры Лэнґ (Gary Lang), 2012 г., Канада

Кадр з фільма «Сапраўдны Шэрлак Голмз»

16:55 Кранальны дакументальны фільм «Я вырасла, пакуль ты спала» распавядае пра беларуску Караліну, якая грае на альце, удзельнічае ў канцэртах па ўсім свеце, але заўсёды вяртаецца ў адну вёску на Гарадзеншчыне. Навошта? Рэж. Марцін Саўтэр (Marcin Sauter), 2017 г., Беларусь – Польшча

17:45 Рэпартаж «Перакладчык» – пра 82-гадовага мовазнаўца Фёдара Клімчука, які зрабіў адзін з самых экзатычных перакладаў Евангелля: на мову роднае вёскі Сіманавічы. Яна знаходзіцца ў глыбі беларускага Палесся, каля Драгічына. Мясцовыя жыхары размаўляюць не па-расейску, не па-беларуску, не па-польску і не па-ўкраінску, а на сваёй гаворцы. Прычым гаворкі розных вёсак, якія нават побач месцяцца, адрозніваюцца. Спадар Клімчук распавядае, што ёсць вялікія літаратурныя мовы, а ёсць маленькія. І гэтыя апошнія нічым не горшыя за першыя, бо менавіта яны і сілкуюць вялікія мовы. Памруць гаворкі – мова памрэ. Чаму Евангелле? Бо гэтая кніга вельмі паважаная ў свеце. Калі ёсць Евангелле на нейкай мове, то яна ўжо ніколі не знікне, лічыў навуковец, які сам напрыканцы мінулага года пайшоў з жыцця. Рэж. Кася Растоцкая, 2018 г., Беларусь

19:00 Адмысловае выданне «Студыі «Белсат» з Віфлеему.

На прамым уключэнні з Палестыны будзе Сяргей Падсасонны

21:45 У мастацкім фільме «І зноў каханне» («Love, Again») больш як 20 гадоў шчаслівага супольнага жыцця Дэйвід і Клоўі Бэйкеры ўрэшце пастанаўляюць разысціся. Нечакана іхная дачка Амэнда абвяшчае пра сваё хуткае вяселле. Каб не псаваць ёй свята, бацькі часова прыкідваюцца тым жа шчаслівым сужэнствам, якім былі раней. На жаданне Амэнды вяселле мае адбыцца ў маляўнічым месцы, дзе Бэйкеры 15 гадоў таму ўтраіх зазналі незабыўныя моманты сямейнага шчасця. Перабыванне там, сярод закаханых параў і ў атачэнні прыроднага хараства, пакрысе растапляе ледзяную сцяну паміж мужам ды жонкаю. Дэйвід і Клоўі ўсведамляюць, што яны па – ранейшаму моцна кахаюць адно аднаго, але ў віры працоўных ды іншых справаў забыліся, што сакрэт шлюбу ў тым, каб улюбляцца адно ў аднаго зноў і зноў. Рэж. Майкл Скот (Michael M. Scott), 2015 г., Канада

Уся тэлепраграма «Белсату» на тыдзень

ІА, belsat.eu

Стужка навінаў