Расстрэл на Майдане. Каго будуць судзіць за забойствы?


Ва Украіне ўшаноўваюць памяць грамадзянаў, якія загінулі два гады таму пад час масавых акцыяў пратэсту супраць дыктатуры Януковіча. Ніводны забойца дагэтуль не пакараны.

Ёсць пасмяротныя ўзнагароды, а дзе суды?

Дзень Герояў Нябеснай Сотні заснаваны летась адпаведным указам прэзідэнта Пятра Парашэнкі. У перыяд з 22 снежня 2013 года да 21 лютага 2014 года за еўрапейскую будучыню Украіны загінулі 111 грамадзянаў. Большасць з іх пасмяротна ўзнагароджаныя званнем Героя Украіны і ордэнам Героя Нябеснай сотні.

У Генеральнай пракуратуры расследаваннем злачынстваў супраць Майдану займаецца адмысловая следчая група. Матэрыялы справы ўжо налічваюць дзве з паловай тысяч тамоў, але і гэта – не мяжа. Перад судом маюць паўстаць 276 асобаў, у тым ліку першыя асобы дзяржавы таго часу – прэзідэнт Віктар Януковіч, прэм’ер Мікалай Азараў, міністр унутраных справаў Віталь Захарчанка, кіраўнік Службы бяспекі Аляксандр Якіменка. Супраць іх сабраная вялікая колькасць доказаў, але нават пачаць працэс завочнага прысуду немагчыма. Адпаведна ўкраінскаму заканадаўству, для пачатку такога працэсу абвінавачаная асоба мае знаходзіцца ў міжнародным вышуку. Інтэрпол жа пакуль адмаўляецца іх шукаць, бо пабачыў прыкметы палітычнага пераследу.

[/vc_column_text][vc_single_image image=”116237″ img_size=”large”][vc_column_text]Расследаванне, якое доўжыцца два гады, адбываецца адразу па некалькіх кірунках – сілавы разгон студэнцкай акцыі пратэсту ў лістападзе 2013 года (які менавіта і справакаваў масавыя акцыі пратэсту ў цэнтры Кіева), незаконныя затрыманні актывістаў «Аўтамайдану», ухваленне дыктатарскіх законаў, якія пашыралі рэпрэсіўныя функцыі праваахоўных органаў, масавыя расстрэлы грамадзянаў 18-21 лютага 2014 года і забойствы працаўнікоў міліцыі. На думку следства, усё гэта вынік дзейнасці арганізаванай Януковічам злачыннай групоўкі, дзеянні якой былі скіраваныя на ўзурпацыю ўлады.

«На працягу некалькіх гадоў на вышэйшыя пасады расстаўляліся давераныя асобы, якія затым здзяйснялі шэраг злачынстваў для ўласнага ўзбагачэння – хабары, раскраданне дзяржаўнай маёмасці, што прывяло да сістэмнага крызісу ў краіне», – цвердзіць кіраўнік упраўлення адмысловых расследаванняў Генеральнай пракуратуры Сяргей Гарбацюк.

Чытайце таксама >>> «У дзень, калі пачалі страляць, кожны чалавек стаўся барыкадаю»

Кіраўнікі расстрэлаў хаваюцца ў Расеі

[/vc_column_text][vc_single_image image=”116233″ img_size=”large”][vc_column_text]Але пакуль папярэдняе кіраўніцтва, якое аддавала незаконныя ўказанні па выкарыстанні зброі супраць мірных пратэстоўцаў, недасяжнае і хаваецца ў Расеі, у судах адкажуць непасрэдныя выканаўцы іх наказаў – 91 супрацоўнік органаў унутраных справаў, 7 пракурораў, адзін супрацоўнік СБУ, 10 суддзяў, трое экс-дэпутатаў, 8 кіраўнікоў мясцовых уладаў і 42 цывільныя асобы – гэтак званыя «цітушкі», якіх улада Януковіча далучала да расправаў над актывістамі Майдану. Што праўда, пакуль няма і ніводнага прысуду па справах. Як мяркуе следства, судовы разгляд наўмысна зацягваецца нібыта па прычыне неабгрунтаванага абвінавачання. Ды і пад вартай пакуль знаходзяцца толькі два супрацоўнікі «Беркуту». Іншыя змаглі аплаціць заставу і дыхаюць вольным паветрам.

Пакуль бесперспектыўнай выглядае і справа пра гібель беларуса Міхаіла Жызнеўскага, армяніна Сяргея Нігаяна і ўкраінца Юрыя Вярбіцкага – першых ахвяраў Майдану. «На дадзены момант не ўстаноўленыя асобы, вінаватыя ў гэтых забойствах. Следства працягваецца. Разам з тым, паведамлена пра падазрэнні кіраўніцтву праваахоўных органаў, якія ў парушэнне дзейнага заканадаўства ажыццяўлялі арганізацыю мерапрыемстваў па ахове грамадскага парадку, і незаконна ўзбройвалі працаўнікоў унутраных справаў, што прывяло да ахвяраў і раненняў пратэстоўцаў», – паведаміў Сяргей Гарбацюк.

Эпізод па ўзбраенні праваахоўных органаў таксама расследуюць асобна. Следства ўстанавіла факт незаконнага ўхвалення пастановы ўраду пра прыняцце на ўзбраенне міліцыі спецыяльных сродкаў узмоцненага дзеяння расейскай вытворчасці без адпаведнай закону экспертызы. На іх набыццё і ўвоз былі выдаткаваныя сродкі з бюджэту. Па гэтым факце абвінавачанне высунутае як тагачаснаму прэм’еру Мікалаю Азараву, гэтак і шэрагу чыноўнікаў Міністэрства ўнутраных справаў, якія рыхтавалі дакумент. Матэрыялы таксама ўжо ў судзе.

«Пакараць злачынцаў – гэта трэба для ўсё краіны»

[/vc_column_text][vc_single_image image=”116229″ img_size=”large”][vc_column_text]За два гада следчыя Генеральнай пракуратуры правялі амаль 10 тысяч следчых дзеянняў і дапыталі больш як 6 тысяч сведкаў і пацярпелых. Адвакаты Майдану дагэтуль у ініцыятыўным парадку намагаюцца сабраць свае доказы і ўстанавіць асобы супрацоўнікаў «Беркуту» па фотаздымках і відэаматэрыялах тых часоў. Але і яны апасаюцца, што справа можа зацягнуцца, бо пасля ўхвалення законаў пра стварэнне Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро і Дзяржаўнага бюро расследаванняў, следчыя Генеральнай пракуратуры губляюць права ажыццяўляць дасудовае следства ў крымінальных справах.

Паводле адваката «Нябеснай сотні» Яўгеніі Закрэўскай, нават пры самым ідэальным раскладзе справы будуць размеркаваныя паміж гэтымі двума ведамствамі і Нацыянальнай паліцыяй, якая мусіць расследаваць забойствы супрацоўнікаў праваахоўных органаў і злачынствы гэтак званых «цітушак».

Родныя і сваякі, якія прыходзяць на месца гібелі сваіх блізкіх не толькі ў афіцыйны дзень памяці, і без следства ведаюць, хто вінаваты ў забойствах мірных грамадзянаў. Будзе добра, кажуць яны, калі ўсё ж удасца забойцаў пакараць. «Гэта патрэбна ўжо не столькі нам, колькі краіне і палітыкам, каб яны ведалі, што іх дзеянні не будуць беспакаранымі. І галоўнае цяпер – сапраўдныя змены краіны, дзеля якіх нашыя сыны, бацькі і маці паклалі свае жыцці», – кажуць яны.

«Кропку ў расследаваннях, якія мы ажыццяўляем, мае паставіць суд. І менавіта ён можа сказаць, вінаватая асоба ці не. І вынесці прысуд, пакараць чалавека за здзяйсненне злачынства. А нашая задача – якасна сабраць доказы, каб такое рашэнне ўхвальвалася абгрунтавана», – падкрэсліў кіраўнік упраўлення адмысловых расследаванняў Генеральнай пракуратуры Сяргей Гарбацюк.

[/vc_column_text][vc_single_image image=”116225″ img_size=”large”][vc_column_text]Фота: news.bigmir.net

Алена Літвінава, belsat.eu, Кіеў

Стужка навінаў