«Расстраляць бы гэтых ідыётаў, і справе канец». Як спецслужбы рэпрэсуюць няўгодных напярэдадні Еўрагульняў і выбараў


У мінулыя выходныя сустрэча актывістаў анархісцкага руху на безалкагольных веганскіх шашлыках скончылася катаваннямі.

Дваццаць прадстаўнікоў спецслужбаў (АМАП і САХР) у бронекамізэльках з аўтаматамі ды ў масках уварваліся на лецішча ў вёсцы Тэўлі Кобрынскага раёну, дзе адпачывала група з 11 маладзёнаў. На ўсіх надзелі кайданкі і адвезлі ў Кобрынскі РУУС, пасля чаго яны ноч правялі ў ізалятары часовага ўтрымання.

Усё гэта суправаджалася пабоямі, шматгадзінным стаяннем на расцяжцы, пагрозамі «апусціць» і «пасадзіць на бутэльку». Сярод затрыманых была дзяўчына, якую называлі «курыцай», «вафляй» і няпоўнагадовы. У выніку ніякіх абвінавачанняў нікому не выставілі. Пратаколаў не далі, як і тлумачэнняў.

Актывісты анархісцкага руху Зміцер і Раман распавялі belsat.eu пра метады запужвання беларускімі спецслужбамі.

Вобшукі, збіццё – гэта толькі размінка

Зміцер з шэрагам паплечнікаў вырашылі напісаць скаргу на дзеянні міліцыі. Гэта не першы выпадак, калі маладзёны сутыкаюцца з бязмежжам з боку людзей у пагонах.

«Па-рознаму яны дзеюць. Вобшукі, часамі проста забіраюць. Хутчэй за ўсё хтосьці трапіў у іхнае поле зроку, і гэта стала повадам прыезду. Хутка выбары, Еўрагульні. Я думаю, гэта толькі размінка».

Хлопец не чакае, што скаргі неяк падзеяць на органы, але хоча стварыць прэцэдэнт.

«А, можа, здарыцца цуд? Бо што гэта – спачатку на нас хацелі скласці пратаколы за непадпарадкаванне. Але ў выніку ніякіх пратаколаў не было. На другі дзень пасля ночы ў ізалятары нас усіх адвезлі ў РУУС, дзе далі папярэджанні, што мы нібыта недзе згубілі свае пашпарты і мусім паўсюль яго з сабой насіць».

Вынік аналізу мачы на наркотыкі могуць падрабіць

Пяцёх чалавек забралі дадаткова на аналіз мачы на наркотыкі.

«Аднаго забралі яшчэ ў суботу 20 красавіка. На наступны дзень забралі чатырох. У першых двух хлопцаў нібыта знайшлі сляды наркотыкаў. Яны сказалі міліцыі, што гэта немагчыма. І гэта сапраўды немагчыма, яны нават не кураць. Я і дзяўчына адмовіліся здаваць аналіз. Нас не змушалі. Пазней хлопец, якога спраўджвалі з намі, за грошы пайшоў здаць тэст. Вынікі паказалі, што ён чысты. І ў лабараторыі яму сказалі, што той тэст не мог у прынцыпе паказаць, ці ён нешта прымаў».

Яшчэ адзін затрыманы 20 красавіка, Раман, таксама вырашыў здаць аналіз адразу, бо чытаў у медыях, што інакш працаўнікі МУС разам з лекарам падрабляюць іх.

«Мой аналіз быў адмоўны. Але, калі я выйшаў са шпіталю, убачыў, як працаўнікі наркакантролю вярнуліся да лекара, мабыць, каб папрасіць перарабіць пратакол. А на рукі мне нічога па выніку не далі. Я толькі распісаўся, што мне аддалі рэчы. Яны хацелі, каб я падпісаў тлумачэнне, што мяне затрымалі, каб высвятліць маю асобу, бо я быў без пашпарту. Але ў мяне быў пашпарт!»

Хлопец распавядае, што падчас затрымання і ў ізалятары яго білі па галаве, у жывот і ў твар.

«Пастаянна абражалі, нецэнзурна лаяліся, адпускалі расісцкія абразы на адрас хлопцаў з замежным абліччам. Пагражалі «пасадзіць на бутэльку», казалі, што акунулі аднаго таварыша галавой у туалет. Сказалі яму: «Ну што, цяпер ты ачкалаз, апушчаны, раскажы сябрам, як мы цябе акунулі». Дзяўчыну затрыманую называлі «курыцай», «вафляй». Адпускалі фразы, кшталту, «расстраляць бы гэтых ідыётаў, і справе канец». На расцяжцы прастаялі, можа, дзве гадзіны, а, можа, больш».

Тэхніку забралі, а дзе шукаць яе – не сказалі

Рамана трымалі без тлумачэння прычынаў да вечара панядзелку 22 красавіка. У ягоную адсутнасць сілавікі правялі вобшук у кватэры, якую ён здымае. Забралі ноўтбук, тэлефоны, прынтар і фарбу да яго. Ніякіх дакументаў не пакінулі, дзе шукаць тэхніку – не сказалі.

«Гэта ўжо пяты ператрус за апошнія пяць гадоў. Папярэдні быў у 2018 годзе. Працаўнікі ГУБАЗіК ужо ведалі, дзе што ляжыць. Думаю, яны ўжо хадзілі да мяне ў маю адсутнасць, адкрываючы дзверы сваім ключом. Я скаргі пісаць не буду, бо гэта не мае сэнсу. Ніхто нікога не пакарае за ўсе гэтыя парушэнні, бо гэта «санкцыянаваныя», скажам так, зверху рэпрэсіі».

Участковы аддаў нож пасля ператрусу, і пакуль я ехаў дадому, выклікаў на мяне АМАП

У 2018 Раман заплаціў больш як $ 400 штрафаў.

«Яны выкарыстоўваюць фармальныя нагоды. $ 70 далі за нашэнне халоднай зброі. Да $ 350 – за захоўванне радыёстанцыі дома. Нібыта яна забароненая для грамадзянскіх фізічных асобаў. Хоць купіць яе можна шмат у якіх спецыялізаваных крамах і на барахолках. А нож мне аддаў пасля ператрусу ўчастковы. І пакуль я ехаў дадому, выклікаў на мяне АМАП. Мяне затрымалі нібыта за нашэнне».

Актывіст дадае, што МУС дало зразумець: анархісты – адная з галоўных пагрозаў дзяржавы.

«За намі ўвесь час сочаць. Перыядычна ў актывістаў ператрусы, затрыманні, сканфіскоўваюць тэхніку, знішчаюць літаратуру. Думаю, калі б нават выбары і гульні не былі на носе, нас бы ўсё роўна «накрылі», калі б даведаліся пра збор. Іх цікавілі звесткі актывістаў, каб потым можна было на іх ціснуць і праводзіць ператрусы. У анархістаў няма адкрытых структураў, лідараў, таму адзіны спосаб нас спыніць – ведаць кожнага актывіста ў Беларусі, да чаго ўласна яны і імкнуцца».

Ці ёсць сэнс змагацца? Каментар праваабаронцы

Яўген Жураўскі з ініцыятывы «Прававое дзеянне» , што займаецца падтрыманнем анархістаў, антыфашыстаў ды іншых актывістаў, кажа, што скардзіцца заўсёды мае сэнс.

На жаль, нельга казаць пра тое, што скаргі гарантуюць эфектыўную абарону парушаных правоў, звычайна яны застаюцца без належнага расследавання і кваліфікацыі дзеянняў міліцыянтаў. Але ў той жа час на такія сітуацыі вельмі важна рэагаваць і не замоўчваць.

Скаргі ды інфармацыя ў СМІ ёсць механізмам фіксацыі парушэнняў, якія ў перспектыве могуць прывесці да належнай прававой ацэнкі сітуацыі. Гэта адзіная негвалтоўная альтэрнатыва, не забароненая ў Беларусі.

У гэткіх выпадках таксама пры адсутнасці рэакцыі ёсць магчымасць у перспектыве падаваць скаргі ў міжнародныя інстанцыі, што ўплывае на імідж уладаў Беларусі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў