Расследаванне: напярэдадні забойства за Паўлам Шараметам сачыла СБУ (Відэа)


Рэдакцыя расследаванняў Громадского «Слідство.Інфо» сумесна з журналістамі OCCRP прадставіла фільм-расследаванне аб забойстве Паўла Шарамета, дзе даказвае, што ў ноч перад забойствам за журналістам вялося вонкавае назіранне супрацоўнікам СБУ.

Аўтары фільма адзначаюць, што паліцыя хавае факт сачэння за Шараметам.

Па дадзеных журналістаў, у ноч перад забойствам каля дому Шарамета быў заўважаны супрацоўнік СБУ Ігар Усціменка. Менавіта ўначы пад машыну журналіста падклалі выбуховае прыстасаванне.

Служба бяспекі Украіны ў сваю чаргу паведаміла, што заўважаны ў ноч перад забойствам Шарамета Ігар Усціменка быў звольнены з СБУ яшчэ ў 2014 годзе.

Павел Шарамет быў забіты 20 ліпеня 2016 года ў цэнтры Кіева – у яго аўтамабілі спрацавала бомба. Пры гэтым сам аўтамабіль належыў Алене Прытуле – уладальніцы інтэрнэт-выдання «Украінская праўда». Украінская паліцыя дагэтуль не змагла ўстанавіць асобы злачынцаў, якія забілі журналіста.

Праваахоўныя органы Украіны лічаць, што Шарамета забілі за яго прафесійную дзейнасць. Кіраўнік МУС Украіны Арсен Авакаў заяўляў, што да гібелі журналіста могуць быць датычныя расейскія спецслужбы, у Маскве назвалі гэтую версію «русафобіяй». Па іншай версіі да забойства Шарамета могуць быць датычныя байцы добраахвотніцкага палка «Азоў».

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў