Расследаванне «Белсату»: колькі каштуе зямля ў цэнтры Менску?


Расследаванні «Белсату» ўвесь час выклікаюць рэзананс і часта – рэакцыю фігурантаў. Не абышлося без гэтага і пасля расследавання «Дарункі для «данайцаў». У матэрыяле, абнародаваным у праграме «Давайце разбірацца», мы раскрылі, як улады, з невытлумачальных прычынаў, раздаюць практычна за бясцэнак вялізныя элітныя ўчасткі пад забудову ў Менску абмежаванаму колу абраных прыватных кампаніяў.

Пасля выхаду расследавання, мы атрымалі ліст ад ААТ «10-е Упраўленне начальніка работаў». У ім фірма аспрэчвае расследаванне «Белсату» аб схемах з прыкметамі карупцыі пры размеркаванні ўладамі сталічных участкаў пад забудову і заяўляе, што журналісты «Белсату» у сваім расследаванні скажаюць факты, а таксама наносяць шкоду дзелавой рэпутацыі ААТ «10 УНР»:

«У дадзенай праграме былі выкладзеныя факты і сведчанні, якія не адпавядаюць рэчаіснасці і ганьбяць дзелавую рэпутацыю арганізацыі ААТ «10-е Упраўленне начальніка работаў».

Мы вырашылі, як і звычайна, грунтоўна падыйсці да справы і разабраць кожную выказаную ў лісце прэтэнзію асобна. Таму давайце па парадку.

Гэтак, у лісце ад ААТ «10 УНР» сцвярджаецца, што ў праграме была «скажоная інфармацыя па прыватызацыі, паколькі калектыў выкупіў акцыі арганізацыі ў 2003 годзе, а не былы кіраўнік, палкоўнік Усцінчык. В. А., якога яшчэ і абазвалі «шэрым кардыналам будаўнічага рынку».

Сапраўды, названая кампанія належыць 159 фізічным асобам, шмат з каторых, верагодна, з’яўляюцца яе працаўнікамі. Чысты прыбытак гэтай кампаніі склаў пазалетась 96 тысяч рублёў. Але ж «10 УНР» – гэта не адна кампанія, а цэлы холдынг, кіроўныя пасады ў якім займае палкоўнік Усцінчык ды яго дзеці.

І асноўныя прыбыткі дастаюцца ня той фірме, што належыць калектыву. Яны ідуць арганізацыі з падобнай назвай – ААТ «10 УНР-Інвест», якая зарабіла ў 2017 годзе больш за 3 мільёны рублёў – у 33 разы больш, чым былая дзяржаўная арганізацыя, якая належыць работнікам. Валодаюць жа «УНР-Інвестам» 12 фізічных асобаў, сярод якіх сам палкоўнік Усцінчык з дачкой і яшчэ тры кампаніі. Дзве з кампаній-уласніц «10 УНР Інвест» – «Юнір-Інвест» і «Юнір Компані» – належаць дзецям палкоўніка Усцінчыка і высокапастаўленым менеджарам яго холдынгу.

Што да «шэрага кардынала будаўнічага рынку», то ў нашым расследаванні гаварылася, што так кіраўніка «10 УНР» называюць у СМІ, у прыватнасці – вось у гэтым артыкуле на «Онлайнеры».

Яшчэ адна прэтэнзія кіраўніцтва «10 УНР» тычылася таго, як мы апісалі выпадак з продажам суперэлітнага ўчастка пад забудову – практычна гектару зямлі на вуліцы Кірава, адразу за брамай Менску, што насупраць чыгуначнага вакзалу.

Гектар зямлі для пабудовы жылога комплексу кадастравым коштам 3,7 мільёны долараў, «10 УНР-Інвест» атрымаў менш, чым за 300 тысяч долараў.

Фота: belsat.eu

Мы вырашылі кіравацца не толькі кадастравым коштам, але і запыталіся ў прадстаўнікоў міжнароднай кансалтынгавай кампаніі «Colliers International», колькі магло каштаваць права забудовы такога надзелу зямлі жыллём.

«Публічнага актыўнага рынку з коштамі няма. Ёсць кадастравы кошт зямлі, які сапраўды зʼяўляецца публічным, яго можна ўбачыць на сайце кадастравага агенцтва. І звычайна ён зʼяўляецца стартавым на аўкцыёне. У тым месцы, у цэнтры гораду, усе падвышаючыя каэфіцыенты былі прымененыя. Калі пад розныя кошты, чыста вопытны погляд, то пад жытло ўчастак такім абʼёмам можа каштаваць да трох мільёнаў долараў», – каментуе партнёр «Colliers International» Андрэй Алёшкін.

Фота: belsat.eu

То бок, «10 УНР» атрымаў зямлю практычна ў 10 разоў танней за меркаваны рынкавы кошт. Але, паводле кіраўніцтва кампаніі, гэта не было суперпрыбытковай здзелкай, бо да цаны зямлі трэба дадаць яшчэ і выдаткі па яе ачышчэнні для будаўніцтва: «скажоная інфармацыя па выдатках па зносе па абʼекце, набытаму з аўкцыёну: нічога не сказана аб зносе двухпавярховага будынку (былы дзіцячы сад / РАУС), а гэта – $ 4,0 млн».

У нас адразу выклікала цікаўнасць такая сума за дэмантаж двухпавярховага будынку былога дзіцячага садку. Мы зноў вырашылі звярнуцца да адмыслоўцаў з мэтаю высветліць, на колькі пацягне знос вышэйзгаданага будынку, а таксама гаражоў, размешчаных на тэрыторыі ўчастка. Ніжэй – канкрэтная прапанова па выкананні гэтых працаў.

Фота: belsat.eu

320 тысяч рублёў супраць 4 мільёнаў долараў. Нішто сабе розніца – атрымліваецца, меркаваны кошт зносу завышаны ў дзясяткі разоў у параўнанні з рынкавым! Мы не ведаем, якімі крытэрыямі пры выбару кампаніі–выканаўцы дэмантажу будынкаў у падобных выпадках карыстаюцца тыя ці іншыя забудоўнікі. Таксама невядома, ці зʼяўляецца карыстанне паслугамі той ці іншай кампаніі абавязковым пры ўдзеле ў пэўных аўкцыёнах на атрыманне права забудовы ў сталіцы. Дакладна невядома, ці так было ў разгледжаным намі выпадку з «10 УНР».

Аднак згадзіцеся, сітуацыя выглядае як мінімум дзіўна. Мы абавязкова зоймемся гэтым пытаннем больш грунтоўна ў далейшых перадачах – падаецца, нас чакае шмат цікавых адкрыццяў.

Такім чынам, ацаніўшы прэтэнзіі кіраўніцтва кампаніі ААТ «10-е Упраўленне начальніка работаў» да нашага расследавання, мы ўсталявалі, што яны – неабгрунтаваныя і, адпаведна, ня бачым неабходнасці прыносіць патрэбаваныя імі абвяржэнні ці выбачэнні.

Агулам жа, варта дадаць, што асноўная віна ў стратах бюджэту і грамадзянаў ад непразрыстых здзелак уладаў з забудоўнікамі ляжыць менавіта на кіраўніцтве, прадстаўнікі якога адмаўляюцца выстаўляць у адкрыты доступ поўны пакет дакументаў па праведзеных аўкцыёнах ды інвестыцыйных дамовах. Менавіта празрыстасць – галоўная абарона як для грамадзянаў, гэтак і для саміх забудоўнікаў.

Зміцер Міцкевіч belsat.eu

 

Стужка навінаў