Рассельгаснагляд праверыць 10 беларускіх прадпрыемстваў


Рассельгаснагляд сумесна з прадстаўнікамі ветэрынарнай службы Рэспублікі Беларусь правядзе інспекцыю беларускіх прадпрыемстваў-вытворцаў прадукцыі жывёльнага паходжання.

«Плануецца інспекцыя малочных і мясапераапрацоўчых прадпрыемстваў, у тым ліку пастаўшчыкоў сыравіны. Усяго да інспекцыі прапанавана 10 прадпрыемстваў», – паведамляе Рассельгаснагляд.

Нагадаем, што 5 красавіка Міністр сельскай гаспадаркі Расеі Аляксандр Ткачоў паведаміў, што яны хочуць адмовіцца ад імпарту беларускага малака.

«Вядома, беларусы павінны шукаць новыя рынкі збыту, таму што ў нас сур’ёзныя намеры напаіць расейцаў айчынным малаком», – заявіў Ткачоў.

Вясной гэтага году зноў распачаліся «малочныя войны». Расея спыніла пастаўкі малочнай прадукцыі з некаторых прадпрыемстваў Беларусі з прычыны парушэнняў ветэрынарна-санітарных нормаў і патрабаванняў ЕАЭС, а таксама праз рээкспарт прадукцыі з краінаў, пастаўкі з якіх забароненыя на расейскі рынак.

У кіраўніка Беларусі на гэты конт іншае меркаванне, ён звязвае забарону на ўвоз беларускай прадукцыі не з парушэннямі, а з карупцыяй у Расеі. Маўляў, хто заплаціў, той і трапіў на рынак

«Яны завезлі, хтосьці адкаты атрымаў за гэта сухое малако з Новай Зеландыі. Па-першае, што прывезлі, чым народ кормяць? Але гэта іх праблема. Яны гэтага не разумеюць і разумець не хочуць. Таму што ўсюды адкаты. А мы павінны бачыць свае інтарэсы, якія не супярэчаць інтарэсам расейцаў. Мы ім дрэннага нічога не вязем. Дай бог, як самі правяраючыя кажуць, каб у Расеі было так, як у Беларусі. Таму будзем вызначацца ў гэтым годзе. Што ж мы добрую справу робім і на каленях пастаянна стаім?», – абураўся Лукашэнка падчас паездкі па Дзяржынскаму раёну.

ГА, belsat.eu

Стужка навінаў