З Савету Бяспекі на лаву падсудных. У Менску пачаўся працэс у справе Уцюрына


Працэс праходзіць у будынку Маскоўскага раённага суда Менску.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Вярхоўны суд 10 сакавіка распачаў разгляд карупцыйнай справы аб карупцыі пры пастаўках у Беларусь тэлекамунікацыйнага абсталявання, камп’ютарнай тэхнікі і праграмнага забеспячэння. На лаве падсудных 16 чалавек, у тым ліку былы намеснік дзяржсакратара Савету Бяспекі Андрэй Уцюрын.

Судовы працэс праходзіць у будынку Маскоўскага раённага суда Менску. Фігурантамі карупцыйнай справы з’яўляюцца 16 чалавек. Гэта чыноўнікі, прадстаўнікі дзяржаўных банкаў і камерцыйных прыватных структураў. Частку вінавацяць у атрыманні, а частку – у даванні хабараў. Агульная сума хабараў перавышае $ 1,5 млн.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu
На першым плане фігуранты справы: Аляксандр Броўка, Сяргей Шаркоў і Уладзімір Томчанка.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

З 16 падсудных 12 знаходзяцца пад вартай. Мера стрымання Броўкі – хатні арышт, Шаркова – залог, Панамарова і Томчанкі – падпіска аб нявыездзе.

Экс-начальніка Службы бяспекі прэзідэнта, былога намесніка дзяржсакратара Савету бяспекі Андрэя Уцюрына затрымалі 21 красавіка 2019 года, яму выставілі абвінавачванне паводле ч. 3 арт. 430 (даванне хабару) Крымінальнага кодэксу. Уцюрына вінавацяць у атрыманні хабараў на агульную суму не менш за $ 190 000, а таксама ў падбухторванні да давання хабараў.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Хадайніцтва Уцюрына не задаволілі

Уцюрын папрасіў зрабіць суд над ім закрытым, бо там будуць агучвацца сведчанні, што з’яўляюцца дзяржаўным сакрэтам. У прыватнасці, гаворка ідзе пра працу Савету Бяспекі, абавязкі і інструкцыі дзяржсакратарыяту, а таксама тэхнічнае забеспячэнне дзяржаўных органаў. Аднак хадайніцтва Уцюрына суддзя не задаволіў, бо на дадзеным этапе працэсу для гэтага няма падставаў.

Андрэй Уцюрын справа.
Фота: belsat.eu

Справа банкіраў

Як высветлілася на судзе, арышты па справе пачаліся яшчэ ў снежні 2018 года. Тады, у прыватнасці, затрымалі фактычнага кіраўніка ТАА «Мабільны сэрвіс» Уладзіміра Жыліна, старшыню праўлення Беларускага міжбанкавага разліковага цэнтру Фелікса Каспяровіча і намесніка начальніка Галоўнага ўпраўлення інфармацыйных тэхналогіяў Нацыянальнага банку Андрэя Падгорнага.

Арышт Уцюрына адбыўся 21 красавіка – гэта быў ужо фінал серыі затрыманняў па справе. Некаторыя фігуранты затрымліваліся толькі на некалькі дзён. Цікава, што адзін з абвінавачаных – Панамароў – наагул пад вартай не знаходзіўся.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Былога топ-менеджара «БПС Сбербанку» Юрыя Панамарова вінавацяць у тым, што ён атрымаў хабар ад Аляксандра Броўкі ў памеры $ 13 000 за лабіяванне інтарэсаў ТАА «Мабільны сэрвіс» пры пастаўках тэлекамунікацыйнага абсталявання. Плюс Панамарову і ягонай сям’і Броўка аплаціў пражыванне ў гатэлі ў Лондане на агульную суму £ 1 000. Броўка і Панамароў сваю віну не адмаўляюць, але сцвярджаюць, што з іншымі фігурантамі справы не знаёмыя і ніяк не звязаныя. Яны хадайнічалі аб тым, каб вылучыць іх справу ў асобны судовы працэс, аднак Вярхоўны суд просьбу Броўкі і Панамарова не задаволіў.

Hавiны
Што трэба ведаць пра справу экс-начальніка Службы бяспекі прэзідэнта Андрэя Уцюрына?
2020.03.09 18:26

Паводле следства, Фелікс Каспяровіч і Андрэй Падгорны бралі хабары цягам 11 гадоў – з 2007 па 2018 год. Спачатку Каспяровіч працаваў у Нацбанку, потым атрымаў пасаду старшыні праўлення Беларускага міжбанкавага разліковага цэнтру. Разам з намеснікам начальніка Галоўнага ўпраўлення інфармацыйных тэхналогіяў Нацыянальнага банку Андрэем Падгорным яны бралі адкаты за ўзгадненне паставак банкаўскага праграмнага забеспячэння і заключэнне дамоваў на тэхнічнае абслугоўванне. Хабары дасягалі сумаў у 200 тысяч долараў за раз, грошы Каспяровіч і Падгорны часцей за ўсё дзялілі ў фармаце 50 на 50.

Дзяржаўныя медыі на працэсе па справе Уцюрына.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Агулам сума хабараў за 11 гадоў дасягнула $ 868 тысяч. Адкаты чыноўнікі атрымлівалі ад прыватных фірмаў-пастаўшчыкоў – ТАА «Мабільны сервіс», «АМТ-Груп Інтэрнэшнл», «Салідэкс», «ДПА» ды інш. Самы першы хабар, што фігуруе ў абвінавачванні, Каспяровічу і Падгорнаму ў 2007 годзе на ўласнай кухні перадаў яшчэ адзін топ-чыноўнік Нацбанку – Ігар Кудасаў (10 тысяч долараў – гэта была іх доля з хабару аднаго з бізнесоўцаў).

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Падчас атрымання чарговага хабару, 29 снежня 2018 года, Каспяровіча затрымалі.

«Цалкам прызнаю сябе вінаватым», – заявіў на судзе Каспяровіч.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў