Адбылося папярэдняе судовае паседжанне ў «справе медычных функцыянераў»


У Менскім гарадскім судзе 4 студзеня прайшло папярэдняе судовае паседжанне ў крымінальнай справе ў дачыненні да намесніка міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага і галоўнага доктара 12-й гарадской клінічнай стаматалагічнай паліклінікі Уладзіміра Краўчонка. На паседжанні прысутнічаў толькі Краўчонак, бо раней ён заключыў дасудовае пагадненне.

Уладзімір Краўчонак прыйшоў на судовы працэс самастойна – ён пад падпіскай аб нявыездзе. Як распавёў былы галоўны доктар 12-й стаматалагічнай паліклінікі, цяпер ён працуе шараговым стаматолагам у 7-й паліклініцы.

Краўчонак заключыў дасудовае пагадненне аб супрацы, ён прызнаў сваю віну і пагадзіўся цалкам кампенсаваць шкоду, нанесеную дзяржаве. Пракурор Юрый Шарснёў падкрэсліў, што Краўчонак паведаміў праваахоўным органам раней невядомыя факты наконт карупцыйных злачынстваў, чым дапамог следству выкрыць іншых карупцыянераў. Умовы пагаднення Краўчонкам цалкам выкананыя, заявілі ў судзе.

Намесніка міністра Ласіцкага сёння ў зале суду не было, бо ён не заключаў пагаднення з судом.

Разгляд справы па сутнасці распачнецца а 10:00 11 студзеня на адкрытым паседжанні ў Менскім гарадскім судзе.

Пасля паседжання былы галоўны доктар заявіў журналістам, што лічыць сябе сумленным чалавекам, але «кожны мае права на памылку». Краўчонак распавёў, што працуе стаматолагам у 7-й стаматалагічнай паліклініцы з 1 лістапада 2018 года.

Уладзімір Краўчонак перад пачаткам суду
Уладзімір Краўчонак перад паседжаннем

Нагадаем, летась у жніўні ў КДБ заявілі, што частка фігурантаў справы была вызваленая з-пад варты «ў сувязі з завяршэннем з шэрагам абвінавачаных асноўных следчых дзеянняў, іх дзейным раскаяннем і супрацай са следствам». «У цяперашні час вызваленыя асобы не могуць займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, да разгляду крымінальных справаў у судзе і ўступлення ў законную сілу прысудаў па іх. Іншымі словамі, яны могуць працаваць звычайнымі лекарамі», – паведамлялі ў КДБ.

Пракурор Юрый Шарснёў перад паседжаннем

***

Медыкаў вінавацяць у атрыманні хабараў у буйных памерах неаднаразова ў складзе групы асобаў (ч. 3. арт. 430 Крымінальнага кодэксу). Падсудным пагражае ад 5 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Суд над Ласіцкім і Краўчанкам – частка вялікай справы аб карупцыі пры закупах медычнага абсталявання і лекаў. У СМІ яе называюць «справай медычных функцыянераў» або «справай медыкаў». У межах справы вясной–летам 2018 года былі затрыманыя больш за 60 асобаў (у тым ліку 37 чыноўнікаў). Паводле КДБ, хабары даходзілі да $ 350 тыс. за адзін раз. Незаконна атрыманыя грошы пераводзіліся на рахункі фірмаў у Гон-Конгу, Літве, Латвіі, Расеі і ПАР. Праз карупцыю кошт і лекаў, і абсталявання завышаўся на 10-60 %, у асобных выпадках – на 100 %.

Акрамя Ласіцкага і Краўчанкі, сярод арыштаваных – дырэктар РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Аляксандр Бялецкі, дырэктар Цэнтру экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Аляксандр Сталяроў, дырэктар прадпрыемства «Белмедтэхніка» Аляксандр Шарак, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкаму Андрэй Стрыжак і начальнік вайскова-медычнага ўпраўлення Міністэрства абароны Аляксей Яськоў. Падчас ператрусу ў гаражы Шарака ў тайніку было выяўлена больш за $ 620 тыс. у эквіваленце, у Бялецкага – каля $ 500 тыс.

Ігар Ласіцкі стаў намеснікам міністра ў сакавіку 2013 года, лічыўся пратэжэ экс-міністра Васіля Жарка. Ласіцкі ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва і кантроль за будаўніцтвам, рэканструкцыяй і развіццём матэрыяльна-тэхнічнай базы галіны аховы здароўя. Курыраваў пытанні абароту медычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзавання, з’яўляўся старшынём профільных камісіяў Міністэрства аховы здароўя і «Белмедтэхнікі». Летась у ліпені Ласіцкага затрымаў КДБ.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў