«Раскамнагляд» вырашыў «пакуль» не блакаваць YouTube праз расследаванне Навальнага


Кіраўнік ведамства Аляксандр Жараў распавёў журналістам, што такое пытанне «на сённяшні дзень» не стаіць, але не ўдакладніў, чаму ведамства не паступіла з сервісам як з сайтам Навальнага.

Паводле Жарава, кіраўніцтва Google (валодае YouTube) мае намер прыняць рашэнне аб блакаванні толькі пасля таго, як Усць-Лабінскі гарадскі суд Краснадарскага краю разгледзіць пазоў Дзерыпаскі да іншай фігуранткі расследавання бабруйчанкі Насці Рыбкі.

«Мы будзем працягваць назіраць, не варта забываць аб аўдыторыі рэсурсу [YouTube]», – сказаў Жараў.

Ролік-расследаванне Аляксея Навальнага выкрывае сувязі мільярдэра Алега Дзерыпаскі з віцэ-прэм’ерам Сяргеем Прыходзька.

Дзерыпаска падаў пазоў да Рыбкі ва Усць-Лабінскі гарадскі суд 9 лютага. Ён запатрабаваў абмежаваць доступ да матэрыялаў дзеля абароны дадзеных аб прыватным жыцці. Суд прыняў забеспячальныя меры і прызначыў разгляд пазову на 1 сакавіка.

«Раскамнагляд» унёс расследаванне Навальнага ў рэестр забароненых сайтаў. Instagram выдаліў некалькі запісаў Рыбкі. YouTube прапаноўваў палітыку выдаліць відэа, але сам гэтага не зрабіў. Сайт Навальнага пачалі блакаваць 15 лютага. Навальны падаў у суд на Раскамнагляд.

ДР belsat.eu

 

 

Глядзі таксама
Каментары