Расея ўстанавіла памежную зону на мяжы з Беларуссю


На мяжы Расеі з Беларуссю ўстаноўлена памежная зона. Такое распараджэнне аддаў дырэктар ФСБ Аляксандр Бортнікаў. Рашэнне прынята для «стварэння неабходных умоваў аховы дзяржаўнай мяжы РФ».

Рэгіянальныя кіраванні ФСБ у Смаленскай, Пскоўскай і Бранскай вобласцях павінны ўсталяваць на мяжы папераджальныя знакі, а таксама вызначыць час і месца ўезду ў памежную зону.

Раней памежнай зоны на мяжы з Расеяй не было.

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 студзеня падпісаў указ аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзянаў, адзначае «Интерфакс» у навіне пра памежную зону на мяжы Расеі ды Беларусі.

Згодна з указам, скарыстацца бязвізавым уездам замежнікі змогуць з 12 лютага.

У Крамлі дакумент аб бязвізавым уездзе ў нашую краіну грамадзянаў 80 краінаў назвалі ўнутранай справай Менску, адзначыўшы, што з Масквой гэты крок узгадняўся.

«Гэта абсалютна ўнутраная справа Беларусі», – сказаў журналістам 10 студзеня прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.

Каментуючы публікацыі медыяў на гэтую тэму, Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што «адмена візаў не азначае адмены памежнага кантролю – як ён быў, так і ёсць».

«Цябе абавязкова правераць, хто ты такі, дакладна так, як у Расеі – пашпарт прадʼявіў, кампʼютар адзначыў. Нармальны чалавек – праходзь, пяць дзён жыві ў Беларусі. Не – кампʼютар адразу пакажа», – сказаў Лукашэнка.

Чытайце таксама:

ВД, НМ, паводле interfax.ru

Стужка навінаў