Расія паказала на выставе бомбы з Сірыі, прымяненне якіх адмаўляла


Даследчая група Conflict Intelligence Team (CIT) выявіла на выставе ў расейскім парку «Патрыёт» касетныя бомбы. Зброю выставілі ў экспазіцыі парку, прысвечанай вайне ў Сірыі. Выкарыстанне касетных бомбаў забаронена міжнароднай канвенцыяй, аднак Расея не падпісала гэты дакумент, піша Бі-Бі-Сі.

Conflict Intelligence Team выявіла бомбавыя касеты РБК-500 АТ-2,5РТ і РБК-500 ШОАБ-0,5. На фотаздымках, зробленых прадстаўнікамі групы, бачныя шыльды з назвамі і характарыстыкамі боепрыпасаў.

Небяспечныя боепрыпасы

Выкарыстанне касетных бомбаў асуджаецца многімі краінамі, якія лічаць іх негуманнай зброяй. У 2008 годзе ў Дубліне была прынята канвенцыя, якая забараняе ўжыванне такіх боепрыпасаў.

Гэтую канвенцыю падпісалі больш за 100 дзяржаў, аднак Расея, ЗША, Ізраіль і некаторыя іншыя краіны падпісваць і ратыфікаваць адмовіліся.

Касетная бомба ўяўляе сабой кантэйнер, начынены невялікімі боепрыпасамі. Пасля таго, як яго скідаюць з самалёту, ён пачынае круціцца і, расчыняючыся, раскідвае гэтыя боепрыпасы на вялікай плошчы.

Гэта зброя эфектыўная супраць жывой сілы праціўніка, аднак не ўсе бомбы спрацоўваюць пры ўдары. Некаторыя застаюцца неразарванымі, ператвараючыся фактычна ў супрацьпяхотныя міны, здольныя з-за пашкоджанні пры ўдары выбухнуць у любы момант.

Ад выбухаў гэтых бомбаў гінуць мірныя людзі, прычым часта ўжо пасля заканчэння баявых дзеянняў. Вытворцы імкнуцца маркіраваць гэтыя боепрыпасы, афарбоўваючы іх у яркі колер, але гэта часта прыцягвае да іх увагу дзяцей, якія становяцца іх ахвярамі.

Сакрэтнае прымяненне

Расея стараецца не афішаваць прымяненне такой зброі. Міжнародныя праваабарончыя групы часта крытыкуюць Расею за ўжыванне касетных бомбаў у Сірыі, у выніку чаго гінуць мірныя жыхары.

Кадры касетных бомбаў класа РБК-500 з’яўляліся ў некалькіх рэпартажах расейскіх тэлеканалаў з авіябазы Хмэймім у Сірыі.

Расейскія касетныя бомбы ў Сірыі: пытанні, праблемы і загадкі

У рэпартажы тэлеканалу RT пра візіт міністра абароны Расеі на базу Хмэймім, які выйшаў у эфір 18 чэрвеня 2016 году, быў паказаны лётчык, які аглядаў знішчальнік-бамбардзіроўшчык Су-34 з падвешанымі бомбамі РБК-500. Бомбы былі паказаны на сярэднім плане з добра бачнай маркіроўкай. Калі на гэты кадр звярнулі ўвагу блогеры, тэлеканал выразаў яго з сюжэту, але на гэта звярнулі ўвагу ў прэсе, і RT вярнула гэты фрагмент назад.

Сірыя збіла расейскі самалёт з 15 вайскоўцамі. Мінабароны РФ вінаваціць Ізраіль. (Аднаўляецца)

СК belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары