Расею называюць асноўнай крыніцай дэзынфармацыі падчас выбараў у краінах ЕЗ


Намеснік кіраўніка Еўрапейскай камісіі Андрус Ансіп заявіў, што Расея з’яўляецца асноўнай крыніцай дэзынфармацыі для еўрапейскіх краін падчас правядзення выбараў і рэферэндумаў. Гэта заява прагучала на фоне падрыхтоўкі Еўрапейскага звязу да выбараў у Еўрапарламент у траўні наступнага году.

«Мы бачылі спробы ўмяшання ў нашы выбары і рэферэндумы і доказы, якія паказваюць на Расею як на асноўную крыніцу такіх кампаніяў. Нам трэба быць разам, абʼяднаць нашы сілы для абароны нашай дэмакратыі ад дэзынфармацыі», – цытуе агенцтва Інтэрфакс выказванні Ансіпа.

Раней Еўракамісія прапанавала стварыць сістэму экстранай абвесткі аб дэзынфармацыі, якая б дзейнічала паміж краінамі ЕЗ і органамі ўлады звязу. Таксама мяркуецца павялічыць бюджэт на супрацьдзеянне прапагандзе – з 1,9 млн да 5 млн еўраў. Гэтыя сродкі павінны пайсці на павелічэнне штату спецыялістаў і дадатковае абсталяванне.

Акрамя іншага, Еўракамісія абавязала кампаніі Facebook, Google, Twitter, Mozilla актыўна рэагаваць на заявы пра факты дэзынфармацыі і прадстаўляць ЕК штомесяц справаздачы аб сваёй працы ў гэтым напрамку ў перыяд са студзеня па травень 2019 года.

Цягам апошняга часу кампаніі Twitter і Facebook прыкладаюць істотныя намаганні для выяўлення фэйкавых акаўнтаў у соцсетках, якія распаўсюджваюць ілжывую інфармацыю. Мяркуецца, што за гэтай сістэмай прапаганды стаіць не толькі Расея, але і Іран.

Расейскія ўлады адкідваюць закіды заходніх палітыкаў пра магчымае ўмяшанне Масквы ў замежныя выбарчыя працэсы.

Hавiны
Даклад у брытанскім парламенце: фэйкавыя навіны ў інтэрнэце выцясняюць рэальныя
2018.07.29 17:04

СК, belsat.eu

Стужка навінаў