Расея збіраецца ўзмацніць «бандыцкія метады» маніторынгу прадукцыі беларускай птушкагадоўлі


Падставай узмацнення кантролю беларускай кураціны стала інфармацыя, апублікаваная на беларускім сайце дзяржаўных закупак, дзе размешчаны «тэндары на закупку вялікай колькасці антыбіётыкаў для птушкагадоўчых гаспадарак», – паведамляе прэс-служба Рассельгаснагляду.

Рассельгаснагляд мае намер звярнуцца да дзяржаўнай ветэрынарнай службы Беларусі з просьбай праясніць сітуацыю.

Цягам 2014 г. расейскае ведамства накіравала ў ветэрынарную службу Беларусі 43 звароты па фактах неадпаведнасці беларускай прадукцыі патрабаванням бяспекі Мытнага саюза, – адзначаецца ў прэс-рэлізе.

У лістападзе Рассельгаснагляд увёў узмоцнены рэжым кантролю транзіту расліннай прадукцыі з Беларусі ў сувязі з падазрэннямі ў рээкспарце тавараў з краін Еўразвязу. Пазней была ўведзена забарона на ўвоз у Расею прадукцыі шэрагу беларускіх мясакамбінатаў і птушкафабрык.

Афіцыйнай прычынай забароны названа выяўленне ў гэтай прадукцыі бактэрый, мікраарганізмаў, антыбіётыкаў і геному віруса афрыканскай чумы свіней.

Менск лічыць, што прычына харчовага канфлікту з Расеяй мае іншы характар. Такія спрэчкі будуць перыядычна ўзнікаць з-за сутыкнення з інтарэсамі расейскіх вытворцаў, якія ўспрымаюць беларусаў у якасці галоўных канкурэнтаў, – заявіў напрыканцы 2014 г. Аляксандр Лукашэнка.

«Яны не могуць з намі канкурыраваць ні па якасці, ні па цане, ні па нашай арганізаванасці. Таму ўжываюць такія адміністрацыйныя, часам бандыцкія метады. Мы да гэтага гатовы. Мы людзі загартаваныя», – перакананы Лукашэнка.

ЮВ, паводле belapan.by

Стужка навінаў