Расея закрыла Керчанскі праліў. Кіеў і Масква вінавацяць адзін аднаго ў правакацыі


Керчанскі праліў, што злучае Чорнае і Азоўскае мора, расейскі бок закрыў для праходу цывільных суднаў. Гэта адбылося пасля няўдалай спробы трох караблёў ВМС Украіны (двух браняваных артылерыйскіх катараў і рэйдавага буксіру) перайсці з Адэсы ў Марыупаль.

Украінскі бок заявіў, што расейцаў загадзя папярэдзілі пра гэты пераход у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. Аднак, паводле ўкраінскіх вайскоўцаў, расейскія пагранічныя караблі «ажыццявілі адкрыта агрэсіўныя дзеянні супраць караблёў ВМС Украіны». У прыватнасці, расейскі пагранічны карабель «Дон» пратараніў украінскі рэйдавы буксір, у выніку якога буксір атрымаў шэраг пашкоджанняў. Экіпаж судна пры гэтым не пацярпеў.

Пастаянны прадстаўнік прэзідэнта Украіны па Крыму Барыс Бабін заявіў, што расейскія караблі ўсяляк правакавалі судна ВМС на адкрыццё агню.

«Расейцы не проста пратаранілі буксір Ваенна-марскіх сілаў Украіны, што прывяло да страты ім частцы кіравальнасці, але і блакавалі ўсе караблі групы з тым, каб яны не маглі аказаць дапамогу гэтаму судну», – дадаў Бабіна.

Тэлеграм канал «Крыминформ»
Фота – mil.gov.ua

Украінскія караблі ў Марыупаль не прапускаюць. У ВМС Украіны заяўляюць, што Расея прыцягнула ўдарныя верталёты Узброеных сілаў да блакавання ўкраінскіх катараў. У ВМС дадалі, што ўкраінскія караблі ўжо каля трох гадзінаў чакаюць праходу праз Керчанскі праліў.

ОНОВЛЕНО25.11.2018 о 13.12 зафіксовано захід двох ударних вертольотів ЗС РФ Ка-52 на бойовий курс із захватом на…

Opublikowany przez ВМС ЗС України Niedziela, 25 listopada 2018

«Правакацыйныя дзеянні з боку РФ у Чорным і Азоўскім моры пераступілі рысу і сталі ўжо агрэсіўнымі. Караблі Расейскай Федэрацыі ў парушэнне свабоды навігацыі неправамерна ўжылі сілу адносна караблёў ВМС Украіны», – гаворыцца ў заяве Міністэрства замежных справаў Украіны.

Фота Valery Matytsin/TASS

У сваю чаргу Масква абвінаваціла караблі Ваенна-марскіх сіл Украіны ў незаконным парушэнні марской мяжы РФ. Расейскі бок сцвярджае, што заяўкі на праход у Керчанскі праліў украінцы не падавалі і ў графік праходу караблёў не былі ўключаныя, таму дзеянні суднаў ВМС Украіны трэба лічыць правакацыйнымі.

«Кіеўскаму кіраўніцтву, што прымае падобныя небяспечныя і безадказныя рашэнні, трэба падумаць пра наступствы сваіх дзеянняў», – заявілі ў ФСБ РФ, паведамляе РИА Новости.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў