Расея ўводзіць памежную зону. Беларусь выйдзе з Саюзнай дзяржавы?


Без пашпарту да Масквы цяпер не даедзеш. Хоць, як сцвярджаюць у расейскім ФСБ, увядзенне памежнай зоны паміж Расеяй і Беларуссю на нашых грамадзянаў асабліва не паўплывае. Бо гэта дзеля абароны ад наведнікаў з трэціх краінаў. Аднак, як кажуць эксперты, гэты палітычны сігнал з Крамля на фоне паліўных і харчовых войнаў гучыць досыць адназначна.

У сяброўскіх дачыненнях – чарговае выпрабаванне. Паводле загаду ФСБ, з 6 лютага Расея ўводзіць памежную зону з Беларуссю – на тэрыторыі Пскоўскай, Смаленскай і Бранскай вобласцяў. Рашэнне для афіцыйнага Менску было нечаканым.

«Шмат у каго складаецца ўражанне, што гэтыя дзеянні вядуць да ўзнаўлення паўнавартаснага кантролю на беларуска-расейскай мяжы, які быў адменены больш за дваццаць гадоў таму. А гэта супярэчыць цэламу шэрагу дзейных пагадненняў», – сказала Марыя Ваньшына з прэс-службы МЗС Беларусі.

Несіметрычны адказ

А ў Дзяржаўным памежным камітэце заявілі пра несіметрычнасць дзеянняў расейскага боку адносна ўказу Лукашэнкі 2014 году. Розніца ў тым, што Расея ўводзіць памежную зону, якая прадугледжвае адмысловы рэжым кантролю, а Беларусь мае прымежныя тэрыторыі без такога кантролю. У ФСБ кажуць, што захады ўласна на беларусаў моцна не паўплываюць – трэба проста мець пашпарт. Але, як распавядае актывіст Ілля Дабратвор, які перасякаў латвійска-расейскую мяжу, да ўладальнікаў беларускіх дакументаў сталі моцна «прыдзірацца».

«Нас 4 гадзіны там трымалі, незразумелыя тлумачэнні абралі, а потым на падставе таго, што мы шмат ездзім у Еўразвяз, нас проста развярнулі назад», – распавядае грамадскі актывіст Ілля Дабратвор.

Расеі не падабаецца рашэнне пра адмену візаў для замежнікаў?

Паводле інфармацыі, якая пакуль неафіцыйна даходзіць з Крамля, загад звязаны з увядзеннем Лукашэнкам 5-дзённага бязвізавага рэжыму для грамадзянаў 80-ці краінаў свету. Фактычна ж гэты крок – толькі нагода і замацоўвае тэндэнцыю, кажа палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

«Расеі ўжо не так важныя як раней інтэграцыйныя працэсы. Расеі больш важныя тыя канкрэтныя ваенна-стратэгічныя патрабаванні, якія ляжаць на стале афіцыйнага Менску, якія вылучае афіцыйны Крэмль», – каментуе падзеі палітычны аглядальнік Радыё «Свабода» Віталь Цыганкоў.

Пра моцны палітычны сігнал гэтага рашэння кажа і расейскі палітолаг Андрэй Піянткоўскі.

«Перш за ўсё гэта такі крок у бок узмацнення напружанасці, падрыхтоўка грамадскага меркавання і ў Расеі, і ў Беларусі да нейкіх больш рэзкіх крокаў. Мне здаецца гэты канфлікт зараз набліжаецца да вельмі вострай стадыі», – мяркуе ён.

Адмысловец не выключае нават вайсковага ўмяшання на тэрыторыю Беларусі. Адметна, што паводле апытання «Левада-цэнтру» чвэрць расейцаў на пытанне «Ці мусіць Расея любымі сродкамі ўтрымліваць пад сваім кантролем былыя рэспублікі СССР» адказалі станоўча. А 61 % апытаных не лічаць Беларусь замежнай краінай.

Жыхары Віцебску:

«Мы брацкія народы, якія ніколі не мелі мяжы, раней жылі ў міры і дружбе, я не ведаю, для чаго гэта зроблена».

«Ад Расеі плотам трэба адгарадзіцца».

«Хацелася б высветліць ужо, куды ісці – з Расеяй ці з Еўропай. Трэба прыняць нейкае рашэнне».

«Мяжа наадварот адпіхвае нас, трэба наадварот збліжаць нашую Саюзную дзяржаву».

Да сутнасці ўласна Саюзнай дзяржавы і іншых інтэграцыйных працэсаў апошнім часам асабліва шмат пытанняў. Расейскае выданне «Рэгнум», якое называюць «агентам уплыву» Расеі, заяўляе, што Беларусь нібыта рыхтуецца да выхаду з Еўразэс, АДКБ і Саюзнай дзяржавы. Адкуль у выдання такая інфармацыя, не ўдакладняюць.

«У іншым нейкім кантэксце такія «ўкіды» яны б не знайшлі ніякага водгуку, ніякай рэакцыі. А цяпер людзі ўжо гатовыя рэагаваць нават на гэта. На дастаткова, скажам так, нерэалістычныя прагнозы на дадзены момант», – кажа Віталь Цыганкоў.

А гэта, падкрэслівае эксперт, сведчанне таго, што сітуацыя напальваецца. Ці астудзіць яе вочная сустрэча? Паводле прэсавай службы Крамля, візіт Лукашэнкі ў Крэмль можа адбыцца ўжо 9-га лютага.

Аправяржэнні

«Белта» цытуе надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Беларусі ў Расеі Ігара Петрышэнка, які ў эфіры праграмы «Время покажет» на расейскім Першым канале катэгарычна зняпраўдзіў публікацыі пра тое, што Беларусь мае намер выйсці з інтэграцыйных абʼяднанняў.

Між тым, у інтэрнэце набірае папулярнасць новы гэштэг, адпаведнік брытанскаму брэкзіту, – #belxit.

Таццяна Рэут/ ДР belsat.eu

Стужка навінаў