Расея ўсталюе міжнародны памежны пункт пропуску з Беларуссю. Што гэта значыць для простых людзей?


Беларуска-расейская мяжа, на якой з такою помпай у 1990-х гадах выкопвалі памежныя слупы, усё больш і больш набывае яскравыя абрысы. Чарговым крокам да гэтага стала прапанова губернатара памежнай з Беларуссю Смаленскай вобласці Расеі Аляксея Астроўскага.

На сустрэчы з кіраўніком расейскага ўрада Дзмітрыем Мядзведзевым Аляксей Астроўскі прапанаваў арганізаваць міжнародны пункт пропуску замежных грамадзянаў на мяжы Смаленскай вобласці і Беларусі ў пасёлку Чырвоная Горка.

Як зараз выглядае беларуска-расейская мяжа?

З 2016 году з расейскага боку мяжы пачалі з’яўляцца памежнікі, якія сталі хоць выбарачна, але даволі шчыльны даглядаць тых, хто едзе аўтамабільным транспартам. З’явілася і праверка дакументаў для тых, хто едзе рэйсавымі аўтобусамі і цягнікамі.

А напачатку 2017 году на загад дырэктара ФСБ у Бранскай, Смаленскай і Пскоўскай вобласцях уздоўж беларуска-расейскай мяжы паўстала афіцыйна памежная зона. У Маскве такое рашэнне патлумачылі тым, што ўлады Беларусі ўвялі тады яшчэ пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзянаў 80 краін, у тым ліку ЗША, Еўразвязу і шэрагу іншых.

Увядзенне памежнай зоны было афіцыйна растлумачана так: трэба спыняць незаконную міграцыю, наркатрафік і незаконнае перамяшчэнне тавараў і матэрыяльных каштоўнасцяў. Адначасова з тым высветлілася, што грамадзяне трэціх краінаў не могуць перасякаць беларуска-расейскую мяжу. Фармальная падстава – закон 1993 года «Аб дзяржаўнай мяжы Расейскай Федэрацыі». Закон хоць і стары, але доўгі час не працаваў.

Таму зараз замежнікі (усе акрамя беларусаў і расейцаў) – як простыя грамадзяне, гэтак і кіроўцы фур і турыстычных аўтобусаў – могуць перасякаць беларуска-расейскую мяжу толькі праз міжнародныя пункты пропуску. Але ні для аўтобусаў, ні для цягнікоў, такіх пунктаў пропуску няма. Таму замежнікі мусяць альбо ляцець з Менску ў Расею самалётам, альбо ехаць у аб’езд Беларусі. Нават калі замежнік паспрабуе праехаць праз наземную беларуска-расейскую мяжу, яго дэпартуюць у Беларусь. За першую палову 2018 года такіх назбіралася каля 1000 чалавек.

«Калі зараз грамадзянін Расеі ці Беларусі едзе праз гэтую мяжу, у яго не ўзнікае ніякіх праблемаў, але для ўсіх астатніх застаюцца толькі аэрапорты. А гэта значна падвышае кошт паездкі. Акрамя таго, мякка кажучы, не ўсе падазраюць пра такія юрыдычныя складанасці: што яны могуць даехаць да мяжы, а іх там здымуць з аўтобуса ці цягніка і аштрафуюць», – адзначыў у каментары Belsat.eu палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі.

Што зараз прапаноўваюць зрабіць расейцы?

Губернатар Смаленскай вобласці Аляксей Астроўскі кажа, што замежныя турысты і інвестары цяпер не могуць уехаць у Расею праз Смаленскую вобласць. А гэта негатыўна ўплывае на прыцягненні інвестыцыяй у рэгіён і на развіццё турыстычнай галіны і міжнароднага супрацоўніцтва. Між тым, праз Смаленшчыну праходзяць 75% грузаў з Еўропы ў Расею і 35% расейскіх грузаў.

Відавочна, што ад рашэння не пушчаць замежнікаў праз наземную мяжу, перадусім пацярпелі памежныя з Беларуссю расейскія рэгіёны, у тым ліку і згаданая Смаленская вобласць. Нельга выключаць, што наступнымі выказаць жаданне аб адкрыцці міжнародных пунктаў памежнага пропуску могуць улады Пскоўскай і Бранскай абласцей. Менавіта таму расейскія губернатар і прэм’ер-міністар абмеркавалі ўвядзенне міжнароднага пункту пропуску ў Смаленскай вобласці. Каб па зямлі маглі праехаць з Беларусі ў Расею ўсе, у тым ліку і памежнікі.

Як будзе выглядаць міжнародны пункт пропуску?

На думку Паўлюка Быкоўскага, «і бюракратычная логіка, і логіка падтрымання бяспекі патрабуюць ад Расеі стварыць мяжу са свайго боку, хаця беларускі бок мяжу фактычна не ўладкоўвае».

«Хай яна будзе пранікальная, хай не будзе патрэбная праверка візы (для грамадзян Беларусі і Расеі, – Аўт.) і гэтак далей, але мяжа як месца, дзе будуць правярацца дакументы, напэўна, узнікне. Хутчэй за ўсё, яна будзе выглядаць, як мяжа паміж Расеяй і Казахстанам: то бок візы не патрэбныя, але трэба прад’яўляць дакументы і можна адсачыць, колькі часу грамадзяне той ці іншай краіны знаходзіліся на тэрыторыі краіны-суседкі», – заявіў аглядальнік.

Пакуль жа, мяркуе ён, прапанова кіраўніка Смаленскай вобласці на жыццё беларусаў, у тым ліку з памежных рэгіёнаў, ніяк не паўплывае. Але ў далейшым, калі ўзнікне сапраўдная мяжа, ім, прынамсі, трэба будзе мець дакументы для перасячэння мяжы і немагчыма будзе неадсочаным знаходзіцца на тэрыторыі краіны-суседкі.

МГ

Стужка навінаў