«Расея страціла давер». Цана на амерыканскую нафту для Беларусі ніжэйшая за сусветную


Адам Сікорскі.
Фота: unimot.pl

Кіраўнік праўлення польскай кампаніі UNIMOT, якая выступала пасярэднікам падчас закупкі амерыканскай нафты для паставак у Беларусь, Адам Сікорскі ў інтэрв’ю Reform.by агучыў падрабязнасці дамовы.

Адам Сікорскі адмовіўся называць канкрэтную цану пакупкі Беларуссю нафты ў ЗША. Але ён адзначыў, што «гэта цана ніжэйшая за тую, якая цяпер на сусветным рынку».

Аб’ектыў
Майк Пампэа: ЗША хочуць дапамагчы Беларусі пабудаваць незалежную дзяржаву
2020.02.04 21:33

Паводле яго, на працягу некалькіх тыдняў плануецца ацаніць правільнасць дастаўкі, разгрузкі, каб ужо ў пачатку чэрвеня можна было дакладна ведаць, ці будзе ўгода мець доўгатэрміновы працяг.

Кіраўнік праўлення UNIMOT адзначыў, што ў будучыні пастаўкі ў Беларусь могуць пайсці не толькі праз Клайпеду, бо «яна мае абмежаваныя чыгуначныя магчымасці». Магчыма, будуць задзейнічаныя рэверсныя пастаўкі праз тэрыторыю Польшчы.

«Самая высокая каштоўнасць гэтага праекту ў тым, што з’яўляецца магчымасць выбару. І ў будучыні не важна, ці будзе гэта нафта амерыканская або саудаўская, можа быць, нарвежская або іракская – гэта інфраструктура можа выкарыстоўвацца для любой нафты з любога кутка свету», – падкрэсліў Сікорскі.

Ён нагадаў, што раней адсутнасць лагістычных магчымасцяў моцна абмяжоўвала Беларусь у выбары крыніцы паставак нафты. Але, паводле яго, сёння «пакупнік выбірае сабе пастаўшчыка».

«Праблема ў тым, што патрэбна інфраструктура, якая зробіць гэты выбар магчымым. Таму гэта вельмі моцны крок. Ведаю, што камусьці гэта не спадабаецца, і мы можам здагадацца, каму менавіта, але ім давядзецца з гэтым лічыцца. Бо гэта нармальная сітуацыя, калі ў пакупніка ёсць магчымасць выбраць лепшае прапанову на рынку», – адзначыў кіраўнік польскай кампаніі.

На яго думку, пераломным момантам у жаданні Польшчы і Беларусі наладзіць альтэрнатыўныя пастаўкі стала сітуацыя з бруднай нафтай з Расеі ў 2019 годзе.

«Гэты скандал паставіў гульцоў на рынку як у Польшчы, так і ў Беларусі перад фактам, што можа зʼявіцца нейкая праблема, якую ні ў якой ацэнцы рызык не ўлічвалі. Ніхто ніколі не ўлічваў, што можа ўзнікнуць такая рызыка пры дастаўцы расейскай нафты. Але гэта адбылося – як эпідэмія каронавіруса. І пачалі адбывацца рэчы, якія раней ніхто нават не разглядаў. Напрыклад, калі з Польшчы пампавалі нафту назад у Беларусь. Трубаправод, які раней працаваў у адзін бок, раптам пачаў працаваць у абодва бакі. Гэта быў той момант, калі Расея страціла давер», – сказаў Сікорскі.

Hавiны
Беларусь пачала купляць амерыканскую нафту
2020.05.15 17:56

15 траўня стала вядома, што Беларусь пачала купляць нафту ў ЗША.

«З задавальненнем пацвярджаю пачатак паставак нафты з ЗША ў Беларусь. Гэта стала магчымым дзякуючы дамоўленасцям, якія мы дасягнулі падчас візіту ў Рэспубліку Беларусі Дзяржаўнага сакратара ЗША Майкла Пампэа», – адзначыў міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

Пакупка амерыканскай нафты – гэта частка дзяржаўнай стратэгіі па дыверсіфікацыі крыніц забеспячэння і забеспячэнне ўстойлівай працы беларускай нафтаперапрацоўчай прамысловасці.

Першы танкер з 80 тысячамі тонаў нафты для Беларусі ўжо 17 траўня адправіцца з ЗША. Прыбыццё ў порт Клайпеды прызначаны на пачатак чэрвеня, а ў Беларусь патрапіць па чыгунцы адразу на завод «Нафтан».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў