Расея прызнае факт тэракту ў небе над Сінаем


ФСБ кажа пра «самаробную выбухоўку на борце». За інфармацыю аб тэрарыстах аб’яўленая ўзнагарода ў 50 млн долараў.

Дырэктар Федэральнай службы бяспекі на паседжанні Савету бяспекі Расеі Аляксандр Бортнікаў паведаміў, што пасажыры самалёту авіякампаніі «Metrojet», які пацярпеў катастрофу ў Егіпце, сталі ахвярамі тэракту.

«Падчас палёту спрацавала самаробная выбуховая прылада моцай да паўтара кілаграмаў у тратылавым эквіваленце. У выніку адбылося развальванне самалёта ў паветры, чым тлумачыцца вялікі радыус раскідання часткаў фюзеляжу самалёта, – сказаў Бортнікаў.

Спецслужба заяўляе, што ўжо шукае злачынцаў, якія маюць дачыненне да тэракту.

Цэнтр грамадскіх сувязяў ФСБ Расеі сёння паведаміў пра аб’яўленне ўзнагароды ў $ 50 млн за інфармацыю аб датычных да выбуху лайнера.

Катастрофа адбылася 31 кастрычніка на Сінайскай паўвыспе. У ёй загінула 224 чалавека. Расея на пачатку катэгарычна адмаўляла факт тэракту, спісаўшы ўсё на памылку пілотаў.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў