Расея перакрывае Беларусі нафту


 Абарона ўласнага бюджэту ці перадзел бізнесу ў суседа? Расея настойліва параіла сваім нафтавым кампаніям «прыпыніць» экспарт у Беларусь. Высокія кошты на паліва ў нашай краіне робяць для пастаўляльнікаў беларускі рынак больш прывабным. А Крэмль цярпець бюджэтныя страты не збіраецца. Пры гэтым, як сцвярджаюць расейскія ўлады, пра нейкі глабальны перагляд дачыненняў паміж краінамі ў нафтагазавай сферы гаворка не ідзе.

Расейскі «Газпром» працягвае пастаўляць паліва ў Беларусь. Паводле чыгуначных экспедытараў, у сакавіку кампанія ўжо экспартавала ў нашую краіну 8.5 тыс. тонаў паліва. Для параўнання, у лютым абʼёмы продажаў склалі няпоўныя 2 тыс. тонаў, а ў студзені – 15 тыс. тонаў. Пакуль што ўвоз паліва ў Беларусь працягваецца, нягледзячы на просьбу расейскага віцэ-прэмʼера Аркадзя Дварковіча экспарт спыніць.

«Калі браць статыстыку за мінулы год, рост імпарту расейскіх нафтапрадуктаў у Беларусі склаў больш за мільён тонаў, калі ўявіць, што мыты нейкім чынам абыходзяцца, а мыта – гэта $ 50-60 з тоны, тады не такая ўжо і маленькая сума атрымліваецца», – зазначае Андрэй Суздальцаў, палітолаг.

Тое ж самае кажа і Дварковіч, рэзкае павелічэнне экспарту ў Беларусь дзвюма кампаніямі, «Газпром» і «Татнефть», прыводзіць да падатковых стратаў расейскага бюджэту. «Татнефть», якая ў студзені паставіла ў Беларусь 25 тыс. тонаў паліва, у адрозненне ад «Газпрому» просьбу віцэ-прэмʼера выканала, спыніўшы гандаль у сакавіку.

«Ідуць нейкія ўнутранарасейскія зверху разборкі і гэта ўжо не да купы адзін з інструментаў размовы ўраду з гэтымі дзяржструктурамі, там гэта ўсё заблытана, але ў першую чаргу гэта закране Беларусь», – распавядае Уладзімір Арцюгін, эканамічны аглядальнік.

Крыніца ў беларускім паліўным бізнесе, каментуючы сітуацыю для расейскага інфармацыйнага агенцтва, сцвярджае, што пастаўкі ажыццяўляліся толькі на ўласныя пункты збыту. Напрыклад, «Газпром» мае ў Беларусі сетку з 46 бензастанцыяў. Кошт на паліва ў Расеі ніжэйшы за кошты на беларускім рынку, і кампаніі імкнуцца зарабіць на гэтай розніцы.

«Абсалютна няма даверу беларускаму кіраўніцтву, памятаеце ўсе гэтыя растваральнікі, выпадкі з расейскімі вуглевадародамі, пастаўкі ва Украіну, усё гэта тут у Расеі адсочваецца, Расея з трапятаннем ставіцца да статусу пастаўшчыка энерганосьбітаў», – дадае Андрэй Суздальцаў.

Але ёсць іншая версія. Розніца ў коштах робіць нерэнтабельным экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у Расею. Паводле двухбаковай дамовы Беларусь сёлета мае паставіць Маскве 1 мільён тонаў аўтамабільнага паліва. Менск дамову перыядычна парушае, а таму забарона пастаўляць паліва з Расеі ў Беларусь можа быць звычайнаю помстаю.

Ігар Кулей, «Белсат»

Стужка навінаў