Расея паводзіць сябе з Беларуссю як з ворагам




Беларусь пагражае Літве: такую выснову можна зрабіць з рапарту літоўскіх спецслужбаў пра вонкавыя пагрозы для сваёй краіны на сёлета. Дакумент апублікавалі ў гэтым тыдні. Практычна цалкам ён прысвечаны пагрозам з боку Расеі. А таксама – Беларусі. Назва нашай краіны ў справаздачы ёсць на кожнай старонцы. Беларускія дыпламаты ўжо заявілі, што хтосьці ў Літве хоча ўбіць клін паміж Вільняй і Менскам. Хто яго ўбівае насамрэч?

Справаздача Дэпартаменту дзяржбяспекі Літвы практычна цалкам прысвечаная нашым усходнім суседзям: слова «Расея» сустракаецца ў дакуменце 130 разоў. Яшчэ 25 разоў у тэксце фігуруе назва Беларусі. Нас разглядаюць у Вільні практычна як падпарадкаваную дзяржаву – расейскім палітыкам, вайскоўцам і… шпіёнам. Апошнія, маўляў, вельмі цікавяцца літоўцамі, якія маюць сваякоў у Беларусі.

«Палітыкі або нейкія дзеячы Літвы, які маюць сваякоў ці бізнес у Беларусі або Расеі, – гэта такі аб’ект для аперацыяў», – адзначае Лаўрынас Касчунас з Камітэту бяспекі Сейму Літвы.

Такіх літоўцаў могуць паспрабаваць завербаваць, папярэджваюць аўтары дакладу.

Нам варта ведаць, што постсавецкімі краінамі ў Расеі займаецца ФСБ. Аднак Літву – з аднаго боку, былую савецкую рэспубліку, а з другога – краіну Еўразвязу і NATO – на тэрыторыі Беларусі могуць курыраваць практычна ўсе спецслужбы.

«На тэрыторыі Беларусі можа працаваць як ФСБ, гэтак і Служба вонкавай выведкі, а таксама ГРУ Генштабу Расеі, якія, натуральна, не ўзгадняюць сваіх канкрэтных аперацыяў з беларускімі калегамі, але ў межах узаемадзеяння яны інфармуюць пра тое, што пэўныя дзеянні будуць праводзіцца», – тлумачыць Міхайла Самусь з украінскага Цэнтру даследавання войска, канверсіі і раззбраення.

Пытанне ў ступені гэтага інфармавання. Паводле міждзяржаўных дамоваў расейскія спецслужбы павінныя атрымліваць ад Менску афіцыйны дазвол на любую аперацыю. Але на практыцы гэта выглядае дзіўна: пасля выкрадання ў Гомлі ўкраінца Паўла Грыба агентамі ФСБ і вывазу яго ў Смаленск Беларусь ані не адмежавалася ад гэтага ўчынку, ані не ўзяла частку адказнасці за яго. Гэта схіляе экспертаў думаць, што Менск кантралюе расейскіх шпіёнаў гэтак сама, як Вялікая Брытанія, дзе ГРУ летась атруціла выведніка Сяргея Скрыпаля.

«Расея, па сутнасці, паводзіць сябе ў адносінах Беларусі такім самым чынам, як і адносна сваіх ворагаў з краінаў NATO ды ЕЗ. Гэта перш за ўсё сігнал для Беларусі, які сведчыць, што Беларусь больш не разглядаецца Расеяй як сяброўская краіна», – кажа кіраўнік беларускага Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі.

Такім чынам, Беларусь губляе давер у дачыненнях з Масквой і псуе імідж у вачох Літвы, Польшчы ды Украіны, якой на запыты пра Грыба не адказвае ўжо паўтара года.

«Дагэтуль адказу мы не пачулі – ні праз закрытыя, ні праз адкрытыя дыпламатычныя каналы», – сцвярджае Міхайла Самусь.

Затое на літоўскі даклад беларускія дыпламаты адрэагавалі імгненна: ацэнкі Вільні Менск назваў эмацыйнымі і зняважлівымі. Маўляў, калі каму і выгодна ўбіваць клін у нашыя дачыненні, дык гэта некаторым літоўскім палітыкам напярэдадні выбараў.

«Пагроза суседзям ніколі не будзе зыходзіць з тэрыторыі Беларусі. Заклікаем палітыкаў у Літве прыцішыць ваяўнічы запал і ўзяць на ўзбраенне больш міралюбівы тон. Наш рэгіён мае патрэбу ў міры ды згодзе, а не распальванні нянавісці», – заявіў намеснік кіраўніка ўпраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі МЗС Беларусі Андрэй Шупляк.

Беларускія дыпламаты забываюцца, што выведка на Захадзе служыць не палітыкам, а краіне. А клін у нашыя дачыненні з Вільняю Менск паспяхова ўбівае сам – напрыклад, паводзінамі вакол будоўлі Астравецкай АЭС. І манаполіяй на псаванне гэтых дачыненняў у Менску дзяліцца з Масквою не збіраюцца.

«Аляксандр Лукашэнка вельмі паслядоўна, дакладна і ясна вядзе палітыку такім чынам, каб выключыць сітуацыю, калі б расейскія вайскоўцы камандавалі беларускімі. Калі гаворка вядзецца пра спецслужбы, такі падыход узмацняецца ў тры разы», – адзначае Аляксандр Гольц з выдання «Ежедневный журнал».

Менск можа не мець магчымасцяў кантраляваць расейскія спецслужбы (аперацыяй у Солсбэры тыя прадэманстравалі, што не шануюць ніякіх межаў), аднак уласную вонкавую палітыку, якая не супадае з расейскаю, Лукашэнка намагаецца праводзіць ужо дзесяць гадоў.

«Беларусь не падтрымала Расею на міжнароднай арэне ў даволі крытычных для Крамля пытаннях, як прызнанне Паўднёвай Асеціі ды Абхазіі ці прызнанне анексіі Крыму. Мне здаецца, што гэта якраз і сведчыць, што Беларусь можа праводзіць незалежную вонкавую палітыку, нягледзячы на даволі цесныя стасункі з Расеяй», – мяркуе Арсень Сівіцкі.

Беларусь застанецца пагрозаю для Літвы, прынамсі пакуль расейскія спецслужбы будуць без тлумачэнняў выкрадаць замежных грамадзянаў на нашай тэрыторыі.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык:

Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Стужка навінаў