Расея парушае – NATO адказвае




Вострыя словы на адрас Масквы з боку ЗША і NATO. Праблема ў тым, што Расея парушае дамову, падпісаную яшчэ ў час Савецкага Саюзу. Напружанне нарастае. Праз некалькі тыдняў NATO распачне найбуйнейшыя вучэнні па распадзе Савецкага Саюзу.

8 снежня 1987 года. Прэзідэнты Савецкага Саюзу і ЗША падпісваюць Дамову пра ліквідацыю ракетаў сярэдняй і малой дальнасці.

«Гэта быў час пацяплення. Абодва бакі абавязаліся, што не будуць мець пэўнае зброі», – кажа былы кіраўнік Міністэрства абароны Польшчы Рамуальд Шарамецьеў.

Але сёння выкананне гэтае дамовы выклікае сур’ёзныя сумневы ў ЗША і Паўночнага альянсу.

«Расея мусіць вярнуцца да выкання Дамовы пра ліквідацыю ракетаў сярэдняй і малой дальнасці або ЗША давядзецца адрэагаваць на бесцырымоннае ігнараванне канкрэтных абмежаванняў дамовы. Злучаныя Штаты разглядаюць варыянты адказу на дыпламатычным і вайсковым узроўні ў супрацы з нашымі партнёрамі», – распавядае міністр абароны ЗША Джэймз Мэтыс.

Гаворка пра ракету наземнага базавання 9М729, якая выкарыстоўваецца ў ракетных комплексах «Іскандэр». Мяркуюць, што яна мае радыус да 5500 кіламетраў і таму ёсць незаконнаю згодна з дамоваю 1987 года.

«Гэта сур’ёзная рызыка для нашай бяспекі. Альянс згодны з тым, што Расея непразрыстая і адмаўляецца даць якія-кольвек праўдзівыя адказы. Вельмі праўдападобна, што Расея парушае дамову», – адзначае генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг.

Яшчэ ў траўні амерыканскі прэзідэнт даручыў падрыхтаваць план увядзення санкцыяў супраць Расеі за парушэнне дамовы. Масква закіды ўсцяж ігнаруе ды атакуе ў адказ. Летась Уладзімір Пуцін заявіў, што гэта ЗША першымі парушылі дамову праз размяшчэнне «нібыта супрацьракетнай сістэмы ў Румыніі».

«Агулам сітуацыя выглядае кепска. Калі з’яўляецца такое суперніцтва, «ты мне, а я табе», у выніку можа адбыцца тое, што звычайна адбываецца, – здараецца ўзброены канфлікт», – мяркуе Рамуальд Шарамецьеў.

Паводле экспертаў, сусветная сістэма бяспекі, якая паўстала пасля распаду Савецкага Саюзу, трашчыць па швах.

Анексія Крыму, канфлікт на Данбасе і сталыя правакацыі з боку Расеі пакідаюць усё менш сумневаў, што да намераў Масквы.

«У міжнароднай сітуацыі гэта рэжым, які не збіраецца жыць згодна з правіламі. І гэта трэба ўлічваць, гэта трэба ведаць, да гэтага трэба рыхтавацца і супрацьдзейнічаць», – лічыць галоўны аналітык Інстытуту палітычнага аналізу ў Вільні Марыус Лаўрынавічус.

Адною з такіх захадаў эксперты называюць манеўры NATO ў Нарвегіі – найбуйнейшыя з часоў заканчэння халоднае вайны. У вучэннях, якія распачнуцца напрыканцы кастрычніка, возьмуць удзел 44 тысячы вайскоўцаў. Войскі NATO адпрацуюць рэакцыю ў выпадку атакі адной з краінаў-чальцоў альянсу.

«Вядома, гэта адказ, бо Расея пачала гэтую эскалацыю пры дапамозе манеўраў. У сувязі з гэтым NATO мусіць адказаць сваймі сіламі, паказаць што альянс – не папяровы тыгр, як казалі калісьці кітайцы пра Злучаныя Штаты», – кажа Рамуальд Шарамецьеў.

Выбар Нарвегіі таксама не выпадковы. І рэч не толькі ў агульнай мяжы з Расеяй.

«Мы не бачым ваеннай пагрозы з боку Расеі ў Нарвегіі, але мы бачым, што гэты рэгіён набывае ўсё большае значэнне для Расеі. Мы бачым, што яны праводзяць усё больш вучэнняў і павялічваюць сваю прысутнасць, а перадусім мабільнасць», – каментуе міністарка замежных справаў Нарвегіі Інэ Эрыксэн Сёрэйдэ.

У верасні расейскае Міністэрства абароны паінфармавала пра першыя тэсты ў Арктыцы ракетнага комплексу «Бастыён» і паказала відэа з выпрабаванняў. Паводле экспертаў, гэта не проста вучэнні, а перадусім элемент прапаганды, скіраваны на Захад.

«Відаць, што Расея распачынае суперніцтва вакол таго, хто будзе гаспадаром тых рэсурсаў, што ў арктычных глыбінях. Яна заяўляе пра тое, што будуе арктычныя войскі, здаецца, нават пачынае ствараць базы ў гэтым рэгіёне. А вядома, што нарвежцы, а таксама брытанцы, датчане, канадцы, амерыканцы – усе пазіраюць на Арктыку», – кажа Рамуальд Шарамецьеў.

А таму ўсё часцей эксперты кажуць пра тое, што менавіта Арктыка можа стацца месцам пачатку Трэцяй сусветнай вайны – вайны за рэсурсы. Паводле Пуціна, менавіта гэты рэгіён мае забяспечыць будучыню Расеі. А гэта значыць, што змаганне за Арктыку будзе зацятае.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык:

Глядзіце таксама:

Hавiны
Лукашэнку ў Рызе некамфортна. Пра Беларусь і Расею – у каментарах Мацерэвіча, Кара-Мурзы і Караткевіч
2018.10.06 11:00
Hавiны
Выбары 2019. Еўропа за тое, каб захаваць статус-кво ў Беларусі
2018.10.07 11:00
Стужка навінаў