Расея няздольная выканаць праграму мадэрнізацыі войска


Анексіяй Крыму, дапамогай антыўкраінскім баевікам на Данбасе, дзейснай сацыяльна-эканамічнай палітыкай, Расея загнала сябе ў сітуацыю, у якой яна не зможа ажыццявіць маштабную праграму пераўзбраення сваёй арміі, распланаваную да 2020 года.

Пра гэта піша ў сваім артыкуле Анна-Марыя Дынэр, супрацоўніца Польскага інстытуту міжнародных спраў – аднаго з уплывовых аналітычных цэнтраў Цэнтральнай Еўропы.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Фота новага расейскага танка Т-15 Армата, які плануецца прадэманстраваць на парадзе ў Маскве 9 траўня 2015 году. Танк яшчэ не прайшоў выпрабаванняў у войску.

Расея ў 2010 годзе паставіла задачу за наступныя 10 год павялічыць флот на 100 новых ваенных караблёў, мадэрнізаваць 400 і атрымаць 600 новых баявых самалётаў, пабудаваць 11.000 адзінак бранятэхнікі і 14.000 ваенных аўтамабіляў, 1.000 верталётаў, 66 зенітна-ракетных комплексаў С-400 і С-500.

Агульны кошт праграмы ацэньваўся ў $700 мільярдаў, піша эксперт.

Аднак прамысловасць РФ дагэтуль тэхналагічна адстае ад заходняй – залежнасць дзяржаўнага бюджэту ад нафтагазавага сектару прывяла да шматгадовага недафінансавання інавацыйных галінаў, зніжэння якасці чалавечых рэсурсаў на вытворчасці і ў навуцы.

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

Фота расейскага знішчальніка Т-50 ПАК ФА, які анансуецца як першы расейскі знішчальнік 5 пакалення. Самалёт пакуль не мае ўзбраення.

Да таго ж ізаляцыя, у якую РФ патрапіла ў выніку сваёй агрэсіі супраць Украіны, адрэзала яе ад заходніх фінансавых і тэхналагічных рэсурсаў. Больш за тое, важную ролю ў расейскім ВПК гралі ўкраінскія пастаўшчыкі – перш за ўсё гэта датычылася вытворчасці карабельных і верталётных рухавікоў. Цяпер Маскве прыходзіцца займацца імпартазамяшчэннем, а гэта будзе патрабаваць дадатковага часу і выдаткаў.

«Санкцыі павялічылі тэхналагічнае адставанне (РФ ад Захаду), і значна скарацілі магчымасць атрымання новых тэхналогій, што важна для часткі кампаній, асабліва ў галіне электронікі, дзе доля замежных камплектуючых складала 25-30%», – піша Дынэр.

У выніку «дасягненне вельмі амбіцыйных планаў стала немагчымым».

«Улічваючы структурныя праблемы расейскай абароннай індустрыі і заходнія санкцыі, амаль гарантавана, што Расея не здолее дасягнуць 70% пераўзбраення новай тэхнікай, як патрабавала праграма. Больш за тое, цяжка чакаць, што ВПК заўважна дапаможа эканоміцы ў параўнанні з тымі грошамі, якія ў яго ўкладаюцца», – заключае аўтар, якая мяркуе, што Масква паспрабуе абысці тэхналагічныя абмежаванні праз супрацу з Індыяй і Кітаем.

[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]

Кітайскі знішчальнік 5 пакалення J-31, афіцыйна прадэманстраваны ў 2014 годзе.

У Расеі таксама не выключаюць, што выкананне праграмы пераўзбраення як мінімум запаволіцца.

«Канешне, санкцыі паўплываюць негатыўна, і цалкам магчыма, што Расеі прыйдзецца скарэктаваць планы, у прыватнасці па колькасці і тыпам узбраенняў, а таксама па тэрмінах выканання некаторых праграмаў», – сказаў у каментары Белсату Руслан Пухаў, дырэктар расейскага Цэнтру аналізу стратэгій і тэхналогій. Пухаў уваходзіць у грамадскую раду пры Міністэрстве абароны РФ.

Раней ЦАСТ паведамляў, што толькі ад Украіны Расея ў рамках Дзяржаўнай абароннай замовы атрымлівае каля 3.000 тыпаў камплектуючых і гатовых прадуктаў. Толькі для танкаў Т-90С выкарыстоўваецца амаль 20 кампанентаў украінскай вытворчасці. Замяніць іх расейская прамысловасць здольная, але для гэтага спатрэбяцца грошы і час. Пры гэтым сам працэс імпартазамяшчэння будзе вельмі дарагім з-за існуючай у РФ дзяржаўна-манапалістычнай мадэлі эканомікі, лічаць у ЦАСТ.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў