Расея не ўпускае ў Азоўскае мора караблі, што плывуць ва ўкраінскія парты


Масква хоча давесці да крызісу паўднёвы ўсход Украіны, які мае залежнасць ад марскіх партоў. Для гэтага блакуе Азоўскае мора.

Паміж 14 і 21 жніўня да ўкраінскіх партах Марыупалю і Бердзянску не даплыў ніводзін карабель. Шаснаццаць суднаў пад рознымі замежнымі сцягамі з таварамі вагой 120 тыс. тонаў былі заблакаваныя расейцамі ў Керчанскім праліве.

За апошнія месяцы расейцы спынілі ў праліве і не ўпусцілі ў Азоўскае мора больш за 150 судоў пад рознымі сцягамі. Караблі расейскай памежнай службы ФСБ таксама спынілі судны, якія выплылі з украінскіх партоў. Мэтай Масквы з’яўляецца эканамічная блакада партоў Марыупалю і Бердзянску, ключавых для цяжкай прамысловасці і здабычы Данбасу і ўкраінскага Запарожжа. Для Украіны парты Азоўскага мора, што знаходзяцца побач з Адэсай, з’яўляюцца вакном у свет. Расея ўжо спрабавала адзін раз здабыць гэты рэгіён з дапамогай арміі і сепаратыстаў. Не ўдалося. Цяпер робіць стаўку на эканамічныя метады і вайну прапагандай.

Крымскі шлагбаум

Ужо калі 15 траўня Уладзімір Пуцін урачыста адкрыў Крымскі мост, праехаўшы на чале калоны КАМАЗаў праз Керчанскі праліў у Крым, украінцы ведалі, што будуць непрыемнасці. Мост пабудаваны гіганцкім коштам эканамічным (каля $ 4 млрд) і палітычным (фірмы, якія рэалізоўвалі праект, трапілі пад еўрапейскія санкцыі) не з’яўляецца толькі дарожнай пераправай, якая палягчае спалучэнне паміж расейскай Растоўскай вобласцю і акупаваным Расеяй украінскімі Крымам.

Сярод іншых судны на Азоўскім моры спыняе баявы карабель флоту ФСБ «Светляк». Фота telegraph.com.ua

Мост становіцца марскім бар’ерам, які выкарыстоўваецца для рэгулявання марскіх перавозак з Чорнага мора ў Азоўскае. Керчанскі праліў з’яўляецца адзінай дарогай, якая злучае Азоўскае мора з Чорным. Для таго, каб перасекчы яго, пад Крымскім мостам, караблі павінныя чакаць на дазвол расейскіх службаў. На самай справе, расейцы трымаюць караблі ў «зале чакання» перад мостам, тым самым блакуючы. Часам пускаюць праз некалькі дзён, а часам не.

Брытанскі вайсковы эксперт, палкоўнік узброеных сілаў Вялікай Брытаніі ў адстаўцы Глен Грант у размове з Espreso.tv адзначыў, што Расея імкнецца зрабіць тую частку Азоўскага мора, у якой цяпер спыняе караблі, «расейскай». На ягоную думку, тут гаворка ідзе не пра вайсковае супрацьстаянне, а пра паступовае «дабіванне» украінскай эканомікі ў рэгіёне.

Бяда ў тым, што Азоўскае мора не зʼяўляецца ўнутраным рэзервуарам Расеі. На яго ўзбярэжжы знаходзяцца два ключавых парты для ўкраінскай эканомікі – Марыупаль і Бердзянск. Іх гандлёвы абарот рэгулярна падае ўжо чатыры гады. У Марыупалі з больш чым пятнаццаці мільёнаў тонаў да вайны ў Данбасе, да шасці з паловай мільёнаў тонаў у мінулым годзе. Уплыў на зніжэнне, вядома, маюць заняцце ўсходняй часткі Данецкай вобласці прарасейскімі сепаратыстамі і агульны заняпад прамысловасці і здабычы карысных выкапняў, выкліканы вайной.

Порт у Марыупалі – акно ў свет для прамысловага ўкраінскага Данбасу. Фота korrespondent.net

Металургічная прадукцыя, вугаль і хімія – асноўныя тавары, якія выплываюць з украінскіх азоўскіх партоў у свет. Уся транспартная інфраструктура рэгіёну – чыгунка, склады і самі парты – былі пабудаваныя з думкай пра экспарт багаццяў Данбасу ў свет. Гэты гандаль з’яўляецца пытаннем выжывання цяжкай прамысловасці на поўдні Украіны. У той жа час, толькі паводле ўраду ў Кіеве, абарот Марыупальскага порту ўпаў на 10 % цягам апошніх месяцаў. Гэта вынік марской блакады ў Керчанскім праліве.

«Затрыманне караблёў, што плывуць у Марыупаль, – гэта вельмі прадуманая стратэгія, ейная мэта ўстрымаць трэйдэраў ад працы з украінскімі партамі, бо ніхто ж не будзе рызыкаваць, гандлюючы з заблакаваным горадам. Расейцы спасылаюцца на факт, што не кожны карабель можа пераплыць пад Крымскім мостам, а акрамя таго на тое, што яны згодна з дамовай 2004 года аб Азоўскім моры могуць, як украінцы, кантраляваць любы, падазраваны, на іхную думку, карабель», – кажа Андрэй Кліменка, украінскі эксперт марскіх і вайсковых пытанняў з парталу «Black Sea News».

Расейцы нагадваюць пра гісторыя затрыманага ўкраінцамі расейскага рыбалоўнага катэра «Норд». Украіна арыштавала рыбакоў, пастанавіўшы, што тыя парушылі яе тэрытарыяльныя воды.

Украінцы таксама затрымалі 11 красавіка судна «Trans Services Maritime», якое дастаўляла пясок на будаўніцтва Крымскага моста, а таксама нафтавы танкер «Механик Погодин». Рускія выкарыстоўвалі гэтыя выпадкі, каб апраўдаць блакаванне суднаў, якія ідуць у і з партоў Украіны. Пры гэтым робяць гэта ўсё смялей. Напрыклад, 1 жніўня карабель ФСБ спыніў турэцкі сухагруз «Tailwid», у 13 кіламетрах ад выхаду з порту Марыупалю. Кіеў асцерагаецца, што Масква цалкам знеахвоціць трэйдэраў супрацоўнічаць з азоўскімі партамі, і тады давядзецца перавозіць грузы праз Адэсу, што эканамічна нявыгадна.

Праект Наваросія 2.0

Вясной 2014 года сепаратысты часова ўзялі пад свой кантроль Марыупаль. У планах збудавання гэтак званай «Наваросіі» захоп Азоўскага ўзбярэжжа і стварэнне сухапутнага спалучэння з анексаваным Расеяй Крымам меў вырашальнае значэнне. Для Масквы таксама важна было адрэзаць Украіну ад Азоўскага ўзбярэжжа і заняць важны прамысловы цэнтр у Марыупалі. Не ўдалося. У пачатку траўня 2014 года ў Марыўпалі пачаліся баі паміж сепаратыстамі і ўкраінскімі добраахвотнікамі з Днепрапятроўскау і батальёну «Азоў», жаўнерамі (пераважна 72-ой механізаванай брыгады) і сіламі бяспекі.

9 траўня 2014 года ўкраінцам змаглі выбіць Марыупаль з рук прарасейскіх сепаратыстаў, але з тых часоў над горадам дагэтуль вісіць пагроза ўварвання Расеі. Фота korrespondent.net

Украінцам удалося аднавіць кантроль над Марыупалем, але пры падтрымцы расейцаў у наступных гадах сепаратысты спрабавалі ўварвацца з боку мяжы з Расеяй і тэрыторыяў «ДНР» і «ЛНР». Найбольш інтэнсіўныя баі адбываліся ўзімку 2015 года ў раёне Шырокіна – Новаазоўск. Украінскім добраахвотным батальёнам (перадусім, гаворка пра «Азоў») і арміі ўдалося спыніць наступ. Расейцы неаднаразова абстрэльвалі ракетнай артылерыяй прыгарады Марыупалю. Шмат разоў Масква палохала паходам на Марыупаль і «прабіваннем» калідору па сушы на Крым. З часам украінцы здолелі ўмацаваць раён Марыупалю лініяй траншэяў, бункераў і процітанкавых перашкодаў. У горадзе правялі аперацыю ў дачыненні да людзей з прарасейскімі поглядамі і звязанымі з сепаратыстамі.

«Гэта зусім не значыць, што азоўскае ўзбярэжжа бяспечнае. Масква не адкінула праект «Наваросіі», толькі што будзе ўжываць новыя, не наўпрост мілітарныя метады. Сепаратысцкія настроі могуць з’явіцца, іх могуць разыграць інструментальна палітыкі падчас хуткай выбарчай кампаніі ва Украіне, а падагрэе цяжкая эканамічная сітуацыя», – працягвае Андрэй Кліменка.

І акурат на эканамічны заняпад украінскага Данбасу разлічваюць рускія. Расейскае праваслаўнае тэлебачанне «Царьград», якое прадстаўляе імперскія пазіцыі, адкрыта і цынічна паведамляла, што акцыя блакавання Азоўскага мора – гэта частка расейскай «сеткацэнтрычнай» вайны. Гаворка ідзе пра аб«яднанне інфармацыйнай палітыкі, эканамічнага ціску і ўзмацненне вайсковай пагрозы ў рэгіёне. Для таго, каб улады дзяржавы, у бок якой накіраваная гэтая агрэсія, прызналі сваю бяссільнасць, а насельніцтва рэгіёну само дамагалася паразумення з агрэсарам.

Масква ўжо блакуе паўднёвы ўсход Украіны эканамічна. Паводле ўкраінскіх вайскоўцаў, Расея значна павялічвае ваенны патэнцыял у Азоўскім моры. Яшчэ нядаўна яна тут мела толькі баявыя караблі памежнай службы ФСБ, цяпер жа, паводле звестак украінцаў, сюды перакінулі судны Каспійскага флоту і агулам лічба расейскіх караблёў вырасла да 60. Ёсць, напрыклад, шэсць ракетных катэраў тыпу «Шмель», невялікія дэсантныя караблі, а таксама два ракетных карветы, узброеных ракетамі «Калібр» з дасягальнасцю больш за 1500 кіламетраў.

Украінцы супрацьпастаўляюць ім катэрамі артылерыйскімі і берагавой артылерыі. Адпрацоўваюць сярод іншага стралянне з танкаў па мішэнях на вадзе. Але тут гаворка не пра вайсковае супрацьстаянне, а толькі пра павелічэнне адчування пагрозы. І здабыванне магчымасці поўнага кантролю над важнымі для ўкраінскай эканомікі водамі.

Міхал Кацэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў