Расея не спяшаецца кампенсаваць Беларусі ані падатковы манеўр, ані шкоды ад «бруднай нафты»


Рыгор Карасін. Фота – ТАСС / Forum

Намеснік міністра замежных справаў Расеі Рыгор Карасін распавёў «РИА Новости», што падатковы манеўр ёсць суверэнным правам Расеі. Таксама ён назваў заўчасным размовы пра кампенсацыю за шкоды ад «бруднай нафты».

«Наўрад ці карэктна гаварыць пра якую б там ні было кампенсацыі. Мова пра магчымае садзейнічанне Беларусі ў змякчэнні наступстваў падатковага манеўру, які праводзіцца ў Расеі», – заявіў Рыгор Карасін.

Паводле чыноўніка, над пытаннем цяпер працуюць, і пакуль рана даваць нейкія ацэнкі.

Паводле МЗС Расеі, у стадыі разгляду знаходзіцца пытанне кампенсацыі Беларусі шкоды ў выніку паставак няякаснай расейскай нафты праз трубапровад «Дружба».

Падатковы манеўр

Беларусь сёння набывае расейскую нафту па кошце каля 75 % ад сусветнага. У 2015-м Расея запусціла падатковы манеўр у нафтавай сферы: да 2024-га вывазное мыта на нафту ў Расеі знізіцца з 30 да 0%. Адначасова з гэтым будзе павышацца падатак на здабычу карысных выкапняў, што можа прывесці да павелічэння ўваходнай кошту нафты для Беларусі да фактычна сусветнага ўзроўню.

У межах манеўру Расея ўводзіць «адмоўны акцыз» – механізм субсідыяў для ўласных перапрацоўшчыкаў нафты. Беларусь, якая не мае сродкаў для такога кроку, лічыць, што ў выніку гэтага можа скласціся непрапарцыйны рынак паліва, калі кошт паліва ў Беларусі будзе нашмат перавышаць кошт паліва ў Расеі, а расейскія нафтапрадукты будуць выцясняць беларускія з уласнага рынку».

Рэканструкцыя нафтапроваду Дружба памім Мазыром і Берасцем у кастрычніку 2018-га. Фота – Forum / ТАСС

У Менску лічыць, што дзеянні Масквы супярэчаць сутнасці стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза з адзіным рынкам энерганосьбітаў.

Сёлетнія страты Беларусь ацэньвае на ўзроўні $ 383 млн пры кошце $ 70 за барэль. Цягам шасці гадоў агульныя страты для Беларусі могуць скласці каля $ 11 млрд.

Цяпер Беларусь спрабуе дамовіцца з Расеяй аб кампенсацыі. Пакуль беспаспяхова.

«Брудная нафта»

Паводле Менску, кошт сапсаванага нафтай абсталявання на Мазырскім НПЗ у выніку хлору, які патрапіў у нафтапровад «Дружба», складае каля $ 30 млн. Поўная інфармацыя аб стратах з’явіцца падчас рамонту НПЗ, які мяркуецца да жніўня.

Пытанні недаатрыманай выручкі ад транзіту і ўласнага экспарту Менск яшчэ збіраецца абмяркоўваць з Масквой.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў