Расея не хоча кампенсаваць Беларусі стратаў за падатковы манеўр. Андрэй Суздальцаў тлумачыць чаму


Пуцін на саміце ЕАЭС 6 снежня. Фота - kremlin.ru

Расейска-беларускія перамовы ў Маскве наконт кампенсацыі стратаў ад падатковага манеўру і зніжак на газ былі фактычна сарваныя: віцэ-прэм’ер РФ Дзмітрый Козак 11 снежня адмовіўся абмяркоўваць гэтыя пытанні з беларускаю дэлегацыяй. Расейскі палітолаг, намеснік дэкана факультэту сусветнай эканомікі і палітыкі Вышэйшай школы эканомікі Андрэй Суздальцаў тлумачыць у інтэрвʼю belsat.eu, чаму перамовы зайшлі ў тупік і якія ўмовы для вылучэння грошай ставіць Масква.

Ад беларускага боку ў сустрэчы прынялі ўдзел віцэ-прэмʼер Ігар Ляшэнка і амбасадар у Расеі Уладзімір Сямашка. Паводле агенцтва «Интерфакс» Козак заявіў на перамовах, што не лічыць магчымым абмяркоўваць пытанні аб нафтавай кампенсацыі і зніжках на газ «пакуль не будуць прынятыя прынцыповыя рашэнні пра далейшую інтэграцыю Расеі і Беларусі ў межах Саюзнай дзяржавы».

«Расейскі бок высоўвае дзве парадыгмы. Першая парадыгма – гэта скасаванне рознага кшталту шэрых ці проста кантрабандных схемаў, якія выкарыстоўвае Беларусь і якія б’юць па расейскаму бюджэту. Другая парадыгма – гэта паўнавартасная эканамічная інтэграцыя. Але ёсць яшчэ і агульная вонкавапалітычная пляцоўка. Напрыклад, калі мы Саюзная дзяржава, то немагчыма, каб адна частка дзяржавы вітала далучэнне Крыма, а другая – не. Есць і іншыя праблемы. Калі б мы адчувалі локаць нашага саюзніка на вонкавай арэне пытанняў бы не ўзнікала. Лукашэнку пра гэта неаднойчы казалася, але той рэагуе балюча. Беларусь настойвае на сваім праве прымаць самастойныя рашэнні на міжнароднай арэне, не азіраючыся на Расею», – распавядае Андрэй Суздальцаў.

Лукашэнка на саміце ЕАЭС 6 снежня. Фота – president.gov.by

Андрэй Суздальцаў падкрэслівае: для Дзмітрыя Козака, які быў прызначаны адказным за перамовы з Менскам, характэрны жорсткія падыходы і ён заўсёды вельмі дакладна выконвае загады Уладзіміра Пуціна. Таму ягоная бескампрамісная пазіцыя на ўчорашняй сустрэчы з беларускай дэлегацыяй – гэта пазіцыя менавіта расейскага прэзідэнта.

«Козак фактычна агучыў тое, што раней казаў Пуцін: на датацыі можна разлічваць толькі тады, калі ёсць інтэграцыя. Сустрэча нічым не скончылася і фактычна была сарваная. Пазіцыя Беларусі жорсткая – гэта поўная кампенсацыя за падатковы манеўр. Гэта цікавы падыход. Прэферэнцыйныя цэны на нафту для Беларусі (якія мусяць знікнуць у выніку падатковага манеўра – заў. belsat.eu) – гэта датацыя з боку РФ. А цяпер Менск патрабуе ад Масквы кампенсацыі за датацыі. Беларускаму боку неаднойчы казалі: гэта ж дапамога, не трэба пераўтвараць дапамогу ў абавязак Расеі», – тлумачыць пазіцыю кіраўніцтва РФ Андрэй Суздальцаў.

Лукашэнка публічна паспрачаўся з Пуціным за кошты на газ

  • «Падатковы манеўр», які плануе рэалізаваць Расея, прадугледжвае, пачынаючы з 2019 года, паэтапнае абнуленне экспартных пошлінаў на нафту пры адначасовым павышэнні падатку на здабычу карысных выкапняў. У выніку з 2024 года Беларусь будзе закупляць сыравіну па сусветных коштах і пазбавіцца перавагі над канкурэнтамі па-за межамі ЕАЭС.
  • У выніку манеўра Беларусь можа панесці вялізарныя фінансавыя страты. Паводле папярэдніх ацэнак беларускага Мінфіна, даходы бюджэту Беларусі скароцяцца прыкладна на 20%. Акрамя таго, зруйнавальны ўдар будзе нанесены па беларускіх НПЗ – іх прадукцыя апынецца неканкурэнтаздольнай нават на ўнутраным рынку, бо будзе істотна даражэйшай за расейскае паліва. Намеснік міністра фінансаў Беларусі Андрэй Белкавец заявіў у снежні, што Беларусь на працягу шасці гадоў можа страціць праз скасаванне пошлінаў на экспарт нафты і нафтапрадуктаў, а таксама пагаршэння эканамічнага стану двух НПЗ каля $ 10 млрд.
  • Менск настойвае на поўнай кампенсацыю стратаў у выніку падатковага манеўра і зніжэння для Беларусі цэнаў на газ да ўнутрырасейскага ўзроўню.

Нафтавы манеўр Расеі ставіць «Белнафтахім» пад пагрозу разарэння

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары