Расея не будзе накіроўваць сваіх назіральнікаў у Беларусь, але яны ўсё ж прыедуць


Амбасадар РФ Мезенцаў і выканаўчы сакратар СНД Лебедзеў.
Фота: belarus.mid.ru

Цэнтрвыбаркам Расеі вырашыў не накіроўваць сваіх назіральнікаў на прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, паведаміла ТАСС старшыня расейскага ЦВК Эла Памфілава.

Памфілава адзначыла, што расейскі бок не атрымліваў традыцыйнага афіцыйнага запрашэння з боку сваіх беларускіх калег, якое загадзя накіроўваецца ў адпаведнасці з пагадненнем ад 4 чэрвеня 1998 года.

Паводле яе, расейскія назіральнікі, якія звычайна ўваходзяць у склад місіі Бюро ў пытанні дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЕ, «сёлета таксама не маюць магчымасці прыбыць у Беларусь у сувязі з тым, што БДІПЧ атрымала адпаведнае афіцыйнае запрашэнне беларускага боку з вялікім спазненнем».

Таксама ЦВК РФ не лічыць магчымым накіраваць у Беларусь сваіх прадстаўнікоў і ў складзе назіральнай місіі СНД, «прымаючы пад увагу, мякка кажучы, вельмі спецыфічнае стаўленне кіраўніцтва Беларусі да каронавіруснай пандэміі».

Аб’ектыў
Беларускія ўлады самаізаляваліся ад міжнародных назіральнікаў на прэзідэнцкіх выбарах
2020.07.21 23:28

Між там сайт амбасады РФ у Менску паведамляе, што 4 жніўня адбылася сустрэча амбасадара Дзмітрыя Мезенцава са старшынёй выканаўчага камітэту – выканаўчым сакратаром Садружнасці Незалежных Дзяржаў Сяргеем Лебедзевым.

Яны абмеркавалі пытанні ўзаемадзеяння расейскіх дыпламатаў з назіральнікамі ад Расеі, якія будуць працаваць у складзе Місіі ад краін СНД на выбарах прэзідэнта Беларусі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў