Расея можа застацца без свайго адзінага авіяносца «Адмірал Кузняцоў»: рамантаваць дорага і цяжка


Цяжкі авіяносны крэйсер «Адмірал Кузняцоў» – адзіны расейскі вайсковы карабель, які можа несці паўнавартасныя баявыя самалёты, аднак ён можа пакінуць баявы шыхт расейскага вайсковага флоту, паведаміла крыніца расейскіх «Известий» у Міністэрстве абароны РФ.

Якое прыкрае самагубства…

У 2018 годзе авіяносец працягваў рамонт пасля свайго сірыйскага паходу ў 2016-2017 гадах і стаў у плывучым доку, аднак у выніку аварыі ў канцы кастрычніка док патануў – па афіцыйнай версіі, доку з берага адключылі электрычнасць, а на сам авіяносец дадаткова зваліўся кран. У выніку карабель набраў некалькі тысяч тон вады, але застаўся на вадзе.

Карабель таксама атрымаў пашкоджанні і быў адбуксіраваны да сценкі суднарамонтнага заводу (Мурманск), дзе і стаіць дагэтуль. Стаіць без грабных вінтоў – такім чынам, сваім ходам ён рухацца не можа, а вінты можна было паставіць толькі ў доку. Які патануў.

Інфаграфіка Міністэрства абароны РФ

Цяпер у Расеі ёсць толькі адзін іншы док, у які зноў можна паставіць «Кузняцова» – але той на Дальнім Усходзе, а буксіраваць карабель ці док на такую адлегласць амаль нерэальна. Абодва докі – і той, які патануў, і той, які застаўся – не савецкай і не расейскай вытворчасці. Ці зможа сама Расея пабудаваць такі док, і калі зможа – вялікае пытанне.

«Не ўсе лічаць працяг рамонту мэтазгодным. Ёсць розныя меркаванні, у тым ліку і тыя, якія зводзяцца да таго, што на гэтыя грошы лепш пабудаваць пару фрэгатаў ці атамную субмарыну», – сказаў суразмоўца «Известий» у ваенным ведамстве Масквы.

Нават калі «Кузняцоў» і будзе адрамантаваны, то хутчэй за ўсё будзе выкарыстоўвацца ў якасці навучальнага карабля, лічыць супрацоўнік Мінабароны РФ.

Публікацыю ў газеце, якая цалкам лаяльная сённяшняму Крамлю, наўрад ці хтосьці можа спісаць на «пятую калону». Хутчэй, яна падобная на падрыхтоўку грамадскай думкі да непазбежнага.

ВІДЭА
Копціць, як падбіты «Мэсэр». Расейскі авіяносец палохае не толькі баявою моцаю
2016.10.21 15:53

Чаму ён такі?

Карабель быў пабудаваны ў 1982-1991 гадах у ўкраінскім Мікалаеве, а потым стаў часткай расейскага Паўночнага флоту. Водазмяшчэнне – больш за 60 000 тон, максімальная хуткасць – 29 вузлоў. Каманда – 1980 чалавек.

Ад пачатку «Адмірал Кузняцоў» стаў ахвярай палітыка-ідэалагічных спрэчак сярод савецкіх ваенных і палітычных кіраўнікоў – камуністычныя ідэолагі выступалі супраць авіяносцаў як «зброі імперыялістычнай агрэсіі».

У выніку савецкія верфі нараджалі нежыццяздольных гібрыдаў паміж караблямі з ракетным і авіяцыйным узбраеннем – так званыя «авіяносныя крэйсеры». Апошнім з франкенштэйнаў (але пры гэтым першым, які меў магчымасць увогуле падымаць у паветра паўнавартасныя цяжкія паветраныя машыны) і стаў «Адмирал Флота Советского Союза Кузнецов».

Але і тут дыскусіі марксісцкіх цемрашалаў прывялі да таго, што «Кузняцоў» можа несці каля 30 самалётаў і верталётаў – гэта разы ўдвая меней, чым могуць несці параўнальныя па памеры авіяносцы іншых краін.

Брытанскі шматмэтавы знішчальнік «Eurofighter Typhoon» суправаджае «Кузняцова» і іншыя расейскія караблі, якія ідуць у Сірыю. Фота Мінабароны Брытаніі

Ён гэтак і застаўся караблём з недалечанымі дзіцячымі хваробамі. Карабель рэмантаваўся амаль бесперапынна ў 1994-95, 1996-1998, 2001-2004, 2008 і перад самым выхадам у першы і адзіны баявы паход у 2016 годзе – у Сірыю.

Дымнавядомы

Сусветную «славу» карабель атрымаў, калі праходзіў вакол Еўропы, каб паўдзельнічаць у расейскай ваеннай аперацыі ў Сірыі па ўратаванні рэжыму Башара Асада.

З трубаў «Кузняцова» падымаўся такі аграменны слуп дыму, што гэта выклікала здзіўленне і нават занепакоенасць назіральнікаў – ці даплыве?

Старая сілавая ўстаноўка авіяносца і яе дрэнны стан выклікалі жарты і фотажабы тысячаў інтэрнэт-карыстальнікаў.

ВІДЭА
Расейскі авіяносец «Адмірал Кузняцоў» пачаў удзельнічаць у баявых дзеяннях у Сірыі (відэа)
2016.11.15 20:27

Нешматлікія самалёты з састарэлага авіяносца бамбілі цэлі ў Сірыі, і з-за тэхнічных праблем два самалёты разбіліся. У 2017 годзе карабель вярнуўся ў Расею і стаў на рамонт, які цяпер можа стаць бясконцым і апошнім.

Ужо не першы год расейскія адміралы заяўляюць пра планы распрацоўкі і пабудовы новага авіяносца, але пакуль няма паведамленняў, што справа зайшла далей за макеты.

 

Аляксандр Гелагаеў belsat.eu

Стужка навінаў