Расея можа прызначыць у Менск «пасла вайны»


Паўнамоцны прадстаўнік прэзідэнта РФ у Прыволжскай федэральнай акрузе, а раней – старшыня ўраду Чачэніі Міхаіл Бабіч можа ўзначаліць расейскае дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Менску.

Пра гэта паведамляе ria.ru са спасылкай на «знаёмую з сітуацыяй» крыніцу.

«Ён не будзе пераназначаны паўнамоцным прадстаўніком у Паволжскай федэральнай акрузе. Разглядаецца варыянт аб прызначэнні яго паслом у Беларусь», – сказаў ананімны суразмоўца ria.ru.

49-гадовы Міхаіл Бабіч паходзіць з Разані, служыў у ВДВ і КДБ, ФСБ. З 1995 да 1998 года кіраваў у Маскве карпарацыяй «Антэй» якая распрацоўвае і выпускае ўзбраенне для войскаў супрацьпаветранай абароны. З лістапада 2002 па люты 2003 года ўзначальваў урад Чачэнскай рэспублікі.

Пасля звальнення Міхаіла Зурабава з пасады амбасадара Расеі ў Кіеве ў ліпені 2016 году разглядалася пытанне аб прызначэнні туды Бабіча. Аднак украінскі бок выступіў супраць. Сярод прычынаў той факт, што ў 2014 годзе Бабіч падтрымаў анексію Крыму. Тады ў МЗС Украіны заявілі, што «пытанне знятае з парадку дня па ініцыятыве ўкраінскага боку».

Прадстаўнік камітэту па замежных справах Вярхоўнай Рады Украіны Уладзімір Ар’еў адзначаў, што ва ўмовах працягу агрэсіі Расеі супраць Украіны прызначэнне расейскага пасла немагчыма.

Эксперты ў Кіеве заявілі, што Міхаіл Бабіч, біяграфія якога звязана з савецкім КДБ і расейскім ФСБ, закліканы стаць «паслом вайны», што ён зʼяўляецца «прафесійным дыверсантам» і «класічным кандыдатам Крамля для ўзаемадзеяння з сепаратыстамі на Данбасе для арганізацыі сілавых аперацыяў».

Нагадаем, з 2006 году расейскую амбасаду ў Менску ўзначальваў Аляксандр Сурыкаў.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў