Расея катэгарычна не жадае абмяркоўваць кампенсацыю Менску за падатковы манеўр


Ігар Ляшэнка падчас наведвання «Горадня Азот»

Віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Ляшэнка заяўляе, што ўрад Расеі адмовіўся і не жадае пакуль абмяркоўваць кампенсацыю Менску за падатковы манеўр.

«У жніўні-лістападзе казалі аб разліках. Але пазней з расейскага боку была занята крайняя пазіцыя. Атрымліваецца, што ў канцы лістапада пайшла такая рыторыка», – распавёў Ляшэнка Інтэрфаксу.

Па словах віцэ-прэмʼера, Масква адмовілася ад абмеркавання, не прапануючы альтэрнатыўных варыянтаў.

Пры гэтым віцэ-прэмʼер заявіў, што Беларусь разлічвала на кампенсацыю «роўна на элемент падатковага манеўру». Гэта значыць, працягнуў ён, пры кошце нафты 60 долараў за барэль – кампенсацыя павінна быць каля 310-315 мільёнаў долараў.

«Учора пасля размовы з Дзмітрыем Анатольевічам, нам стала абсалютна зразумелая пазіцыя расейскага ўрада. На жаль, яна не супадае з нашым разуменнем пытання. Наша пазіцыя справядлівая. Можна ўзяць еўразійскія дамовы і прачытаць усе яе пункты. Варункі не павінны пагаршацца, наадварот, павінны стварацца ўмовы для роўнага развіцця», – падкрэсліў віцэ-прэмʼер.

Ляшэнка таксама адзначыў, што ў пытанні падатковага манеўру «эмоцыі проста зашкальваюць».

«Калі кампенсацыя будзе тычыцца толькі расейскіх прадпрыемстваў, а перад намі не выконваюцца абазацельствы і рэалізоўваецца падатковы манеўр, то як мы – урад – можам глядзець на грамадзянаў сваёй дзяржавы, калі яшчэ больш будзе павялічвацца разрыў у кошце? Таму настолькі востра стаіць пытанне і эмоцыі проста зашкальваюць», – сказаў віцэ-прэмʼер.

Мядзведзеў настойвае на паглыбленні інтэграцыі, Менск жадае спачатку вырашыць эканамічныя пытанні

СК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары