Расея і Турцыя ў Карабаху. Перадзел сфер уплыву?


З 27 верасня працягваюцца баі паміж армянскімі і азербайджанскімі войскамі. Канфлікт сёння абмеркавалі прэзідэнты Францыі і Расеі. Менавіта Макрон патэлефанаваў Пуціну, а не наадварот. Паўднёвы Каўказ традыцыйна лічыўся зонай уплыву Расеі. Ці так гэта цяпер? Ці згодная з гэтым Турцыя?

Лідары Арменіі і Азербайджану абвінавачваюць адзін аднаго.

Нікол Пашынян заявіў:

«Азербайджан бамбаваў вёскі непасрэдна на тэрыторыі Арменіі».

Ільхам Аліеў:

«Арменія груба парушае міжнароднае права, акупуючы тэрыторыі Азербайджана цягам блізу 30 гадоў».

Узаемныя абвінавачванні Арменіі і Азербайджана становяцца вастрэйшымі, а супрацьстаянне набірае абароты. У краінах ужо дзейнічае ваеннае становішча і аб’яўлена мабілізацыя, а мінабароны краін публікуюць новыя відэа сутыкненняў і ўдараў па баявой тэхніцы праціўнікаў.

Паралельна з рэальнай вайной ідзе і вайна інфармацыйная. Кожны з бакоў заяўляе аб сотнях і нават тысячах ахвяраў. На чым заснаваныя гэтыя лічбы – пакуль невядома, ніякіх фота- ці відэапацверджанняў гэтаму няма. Акрамя лічбаў загінулых пытанні выклікае і інфармацыя пра замежных наймітаў, якія ўдзельнічаюць у канфлікце.

Каментуе Конрад Заштоўт, палітолаг, факультэт арыенталістыкі Варшаўскага ўніверсітэту:

«Зʼяўляецца інфармацыя аб тым, што найміты, якія ваююць у Сірыі па турэцкім баку супраць рэжыму Асада, перавезеныя ў Карабах. Азербайджан гэта адмаўляе».

У сераду інфармацыю аб вярбоўцы сірыйскіх наймітаў для адпраўкі ў Азербайджан пацвердзілі журналісты арабскай службы BBC і нават пракаментаваў МЗС Расеі наступным чынам:

«Глыбока заклапочаныя гэтымі працэсамі, якія вядуць не толькі да яшчэ большай эскалацыі напружанасці ў зоне канфлікту, але і ствараюць доўгачасовыя пагрозы для бяспекі ўсіх краін рэгіёну».

Яшчэ адным спрэчным пытаннем застаецца роля Турцыі ў цяперашнім супрацьстаянні. Анкара адкрыта заяўляе аб тым, што падтрымлівае Баку. Адзін народ – дзве дзяржавы, гэтую ідэю часта паўтараюць у апошнія дні. Азербайджан адмаўляе ваенны ўдзел Турцыі ў тым, што адбываецца.

Кажа Ільгар Вялізадэ, палітолаг, Азербайджан:

«Мабілізацыйныя рэсурсы азербайджанскай арміі ў некалькі разоў пераўзыходзяць мабілізацыйныя рэсурсы армянскай арміі. У гэтых умовах азербайджанская армія кратна пераўзыходзіць у ваеннай моцы Арменію. Навошта нам звяртацца да выкарыстання турэцкіх войскаў?»

У Ерэване ж працягваюць настойваць, што Турцыя ваюе на баку Азербайджана. У сераду з’явіліся нават кадры нібыта збітага турэцкім F-16 армянскага штурмавіка Су-25. У Баку ж кажуць, што армянскі самалёт разбіўся ў гарах.

Каментуе Марыюш Маршэўскі, Цэнтр Усходнееўрапейскіх даследаванняў, Варшава:

«Паміж сабой ваююць войскі непрызнанай рэспублікі Нагорнага Карабаху і Азербайджана, а ніякага вайсковага ўдзелу Турцыі ў канфлікце пакуль што няма. Так, пастаўлялася ваенная тэхніка, але таксама пастаўляе тэхніку, да прыкладу, Ізраіль. Дроны, якія выкарыстоўваліся раней, набытыя ў Ізраіля, як і іншая вайсковая тэхніка, але пры гэтым ніхто не кажа пра ізраільска-армянскі канфлікт, бо Ізраіль у палітычным плане не падтрымлівае Азербайджан, а Турцыя падтрымала ў палітычным плане».

Не дапусціць умяшанне Турцыі ў канфлікт паабяцаў і прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон.

Ільгар Вялізадэ, палітолаг, Азербайджан:

«У Францыі не ўсё добра з Турцыяй. Адносіны Францыі з Турцыяй да скрайнасці абвастрыліся ў іншых рэгіёнах – ва ўсходнім Міжземнаморʼі. Выступаючы ў Рызе, Макрон заявіў, што ён звяртаецца да армянскага народу і не дапусціць аднабаковых дзеянняў у гэтым рэгіёне. Гэта праармянская пазіцыя».

Але ў гэтым супрацьстаянні яшчэ адзін гулец – Расея.

Каментуе Рубен Меграбян, палітычны эксперт, Арменія:

«Яшчэ пры мінулай уладзе Масква пастаянна імкнулася да таго, каб перацягнуць перамоўны працэс з фармату тройкі сустаршыняў, дзе Масква была толькі 1/3 часткі ў рэжыме сепаратнага пасярэдніцтва Масквы. І прычым гэта пагражала тым, што такое пасярэдніцтва вылівалася ў гандаль паміж Масквой, Баку, а яшчэ і Анкарой за кошт армянскіх інтарэсаў».

З аднаго боку, Крэмль усімі сіламі хоча замацаваць за сабой пазіцыю міратворцы, пра што нават заявілі ў расейскай Дзярждуме, з другога, паводле сцвярджэння экспертаў, Крэмль не супраць выступіць канфлікт-мэнэджарам, кіруючы тым, што адбываецца як у Баку, так і ў Ерэване.

«Сітуацыя вельмі няпростая, бо Каўказ становіцца чарговым месцам сутыкнення інтарэсаў Расеі і Турцыі. Гэтак жа як гэта было ў Лівіі і Сірыі. Вядома, гэтае супрацьстаянне заўсёды адбываецца на розных узроўнях. Краіны супрацоўнічаюць паміж сабой, канфліктуюць – гэта поліфанічная гульня на многіх інструментах, у якой складана сказаць, ці зʼяўляюцца гульцы сябрамі або ворагамі», – лічыць Марыюш Маршэўскі.

Па паведамленням СМІ, ад прапанаванага Турцыяй супрацоўніцтва «па сірыйскім сцэнары» Крэмль адмовіўся.

Працягвае Конрад Заштоўт:

«Паўднёвы Каўказ – Грузія, Арменія, Азербайджан – гэта спрэчная тэрыторыя для Турцыі і Расеі, і барацьба за яе ідзе яшчэ з часоў заканчэння халоднай вайны. Але раней гэтае супрацьстаянне насіла больш рытарычны характар. Турцыя ніколі так актыўна не прымала ўдзелу ў дзеяннях на Каўказе. Вядома, яна падтрымлівала мадэрнізацыю арміі Азербайджана, як і мадэрнізацыю арміі Грузіі, але ў канфлікце ў Нагорным Карабаху Турцыя не ўдзельнічала, не лічачы заяваў аб тым, што яна на баку Азербайджану. Да сённяшняга дня. І цяпер павінна паследваць рэакцыя Расеі, але пакуль што мы яе не бачым».

Расея страціла некаторыя са сваіх рычагоў уплыву ў рэгіёне, у тым ліку – энергетычны.

Аб’ектыў
Нагорны Карабах: ці магчымае замірэнне?
2020.09.30 23:33

На сваім профілі ў Facebook расейскі эксперт Міхаіл Круціхін з кансалтынгавай кампаніі RusEnergy напісаў:

«Азербайджан з Турцыяй цалкам нейтралізавалі спробы Масквы надаць геапалітычную вагу яе нафтагазавым рычагам. «Патокі» у напрамку Паўднёвай і Усходняй Еўропы сталі не патрэбныя не толькі ў Еўропе, але і ў Турцыі.

Не патрэбная туркам і расейская нафта. Ад яе сталі адмаўляцца НПЗ у Турцыі, аддаючы перавагу іракскай і нарвежскай. Ціснуць на азербайджанцаў у іх карабахскай палітыцы стала няма чым.

Можна ціснуць на Арменію, дзе ўсё газазабеспячэнне кантралюецца Газпромам, але з якой мэтай? Дапамагчы атразіць наступ азербайджана-турэцкіх войскаў? Прымусіць капітуляваць?»

Пакуль што ні Арменія, ні Азербайджан не згодныя сесці за стол перамоваў, ды і рашэнне крызісу Ерэван і Баку бачаць па-рознаму. У Арменіі кажуць аб прызнанні незалежнасці Нагорнага Карабаху, а Азербайджан патрабуе поўнага вываду армянскіх сілаў са спрэчных тэрыторый. І пакуль усе саюзнікі і праціўнікі спрабуюць гандлявацца і дамаўляцца – вайна працягваецца.

Святлана Аўчарова/ІР, для праграмы «ПраСвет»

Калаж з фота: Kremlin Pool / Russian Look / Forum; Vadim Savitsky / TASS / Forum

Стужка навінаў