Расейская чыгунка, нібыта, гатовая даць 25% зніжкі на транзітныя перавозкі бензіну, дызпаліва і мазуту з НПЗ Беларусі ў расейскія парты Паўночнага Захаду. Зніжка зробіць тарыф чыгункі РФ у гэтым кірунку супастаўным з тарыфамі на парты ў Балтыі. Да гэтага часу нафтапрадукты з Беларусі ў напрамку расейскіх партоў не ішлі, іх адпраўлялі ў Вентспілс (Латвія) і Клайпеду (Літва).
Калі ўгода будзе дасягнутая, Расейская чыгунка дадаткова заробіць каля 8 млрд расейскіх рублёў (каля 126 млн долараў).
Аднак рашэнне можа быць палітычным, піша газета «Коммерсант» – пытанне абмяркоўвалі ў Маскве ў верасні. «Транснафта» ўжо абʼявіла, што гатовая скараціць транзіт нафтапрадуктаў праз краіны Балтыі да нуля.
Мяркуецца, што зніжка праіснуе да канца 2018 года. Калі яна будзе прынята ў звычайным парадку, то ўступіць у сілу праз дзесяць дзён пасля публікацыі рашэння. РЖД пакуль не каментуе інфармацыю.
На сённяшні дзень каля 90% нафтапрадуктаў Беларусь адпраўляе ў краіны Балтыі і ва Украіну.
ДР belsat.eu