Сянцова і іншых палітзняволеных могуць абмяняць на расейцаў, што сядзяць ва Украіне


Віцэ-спікер Вярхоўнай рады Украіны Ірына Герашчанка заявіла, што Расея гатовая абмяняць асуджаных ва Украіне расейцаў на ўкраінскіх палітзняволеных, якія сядзяць у расейскіх турмах. Абмен прапануецца ў фармаце «23 на 23».

«Гэта тыя грамадзяне РФ, якія асуджаныя за падрыхтоўку тэрактаў у Адэсе, Харкаве, Кіеве, Херсоне, Тэрнопалі ці за ўдзел у ваенных дзеяннях у Данбасе, або ў дачыненні да іх ідуць судовыя працэсы», – патлумачыла Герашчанка.

Герашчанка назвала прозвішчы расейскіх зняволеных, гэта Віктар Агееў, Аляксандр Баранаў, Максіма Адзінцоў, Сяргей Ягораў, Вольга Каваліс, Максім Сліўка, Ларыса Чубарава, Яўген Мяфёдаў і іншыя.

Таксама віцэ-спікер Вярхоўнай рады паведаміла, што ўкраінскі бок гатовы правесці абмен на Алега Сянцова, Аляксандра Кольчанку, Рамана Сушчанку, Паўла Грыба, Уладзіміра Балуха, Яўгена Панова і тых, каго ўтрымліваюць у акупаваным Данбасе.

Упаўнаважаная па правах чалавека ў Расеі Таццяна Маскалькова адзначыла, што абмен для адбыцця пакарання на тэрыторыі іншай краіны невыканальны праз тое, што зняволеныя маюць як расейскае грамадзянства, так і ўкраінскае. Таму перад абменам абодвум бакам трэба будзе вызначыць статус зняволеных і падпісаць адмысловае пагадненне.

ГА, belsat.eu паводле ТАСС

Стужка навінаў