Расея дасць грошы


Паступленне расейскага крэдыту на 110 млн. долараў у эквіваленце ў рэспубліканскі бюджэт чакаецца найбліжэйшымі днямі, паведамілі Міністэрства фінансаў.

27 сакавіка ў Маскве міністэрствы фінансаў Беларусі і Расеі падпісалі міжурадавае пагадненне аб выдзяленні ўраду Беларусі дзяржаўнага фінансавага крэдыту. «Пагадненнем прадугледжанае выдзяленне фінансавых рэсурсаў у расейскіх рублях на суму, эквівалентную 110 млн. долараў ЗША, тэрмін 10 гадоў, уключаючы чатырохгадовы льготны перыяд», – удакладнілі ў Мінфіне.

Урад Расіі раней паведаміў, што ўмовай выдзялення гэтага крэдыту з’яўляецца адсутнасць пратэрмінаваных абавязацельстваў перад Расеяй і Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС па раней дадзеных крэдытах.

«Мы партнёрам нашым дапамагалі і надалей будзем дапамагаць, зробім гэта. Але нашы беларускія сябры таксама павінны аператыўна знімаць праблемы, якія перыядычна ўзнікаюць у гандлёва-эканамічнай сферы», – падкрэсліў расейскі прэм’ер Дзмітрый Мядзведзеў.

Рашэнне даць Беларусі дадатковыя пазыковыя сродкі было прынятае расійскім кіраўніцтвам у канцы 2013 года. Паведамлялася, што ў 2014 годзе агульны аб’ём дапамогі складзе прыкладна 2 млрд. долараў, з якіх 450 млн. — дзяржаўны крэдыт пад 4% гадавых тэрмінам на 10 гадоў. Улетку мінулага года з’явілася інфармацыя аб магчымай пралангацыі выдзеленых Беларусі 450 млн. долараў.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў