«Расея будзе вольнаю!» Што, праўда?..

Пратэсты ў Расеі чарговы раз дэманструюць, у якім інфармацыйным полі мы жывём. Хто з моладзі чуў пра Лябедзьку ці Дзмітрыева? Адзінкі. Навальны, Сабчак, Яшын куды цікавейшыя. А косці перабіраць Шахрыну, лідару «Чайфоў» больш прышпільна, чымся Міхалку. Але размова не пра тое.

«Facebook»-супольнасць натхнёна дзеліцца відэа разгону пратэстоўцаў, збіцця раварыстаў, дзяцей, жанчын або няшчаснай цётачкі з «Единой России», якую не пускаюць праз вуліцу людзі ў масках. Яшчэ цікавей назіраць за затрыманнямі эшнікаў – асобаў у цывільным, якія на камеру бэсцяць пратэстоўцаў і апраўдваюць міліцыю… Псля іх самых пад белыя ручкі выводзяць «касманаўты» пад воплескі публікі. Весела ж, праўда? Хоць якая сатысфакцыя.

Менск 2011-га і Масква 2019-га: бадзёрыя сілавікі і плясканне ў далоні

Што ж нам, беларусам, да гэтага? Эксперты пішуць, што пратэсты ў суседзяў палітызуюць дыскусію і ў Беларусі, натхняюць моладзь. Разам з тым, паўтараюцца, што метады расейскіх сілавікоў вельмі падобныя да нашых родных: прэвентыўныя затрыманні лідараў, зладжаная праца падчас хапуноў, рассейванне больш-менш салідарных групаў. Цікава, што адною з фішак пратэстоўцаў сталася калектыўнае плясканне ў далоні: нічога не нагадвае?

Даруйце, дык а ў чым тады сэнс падобнай палітызацыі? Усё гэта Беларусь прайшла яшчэ ў далёкім 2011-м падчас маўклівых акцыяў. Бясконцыя гулянні па вуліцах без канкрэтнай праграмы і плану, затрыманні, здзекі, ну і ў выніку – згасанне пратэсту. У чым прафіт? Менавіта пасля падзеяў 2010-11 гадоў, калі памятаеце, палітычны дыскурс з кандыдатамі і партыямі ў нас канчаткова вычарпаўся, перайшоў у сферу культурніцкай працы ды стыхійных пратэстаў (акцыі недармаедаў, Курапаты, акумулятарны завод ды іншае).

Гвалт, карт-бланш на ўсё і бясплатны інтэрнэт

Вернемся ж да Расеі. Давайце ўсё ж адрозніваць рэвалюцыю ад гульні ў рэвалюцыю. Калі «касманаўты» збіваюць жанчын і дзяцей, а хлопцы побач моўчкі здымаюць усё на тэлефоны і збіраюць лайкі, гэта не пра рэвалюцыю. Гэта пра гайп. Кажуць, што сілавікі падчас разгонаў глушылі сувязь ды інтэрнэт. Дарэмна. Магчыма, калі моладзь нарэшце вылезе з тэлефонаў і палічыць больш дарэчным заступіцца за суайчынніка, нешта і атрымаецца. А так… ФСБ мае раздаваць бясплатны інтэрнэт: гэта больш эфектыўна за дручкі.

Узгадайце пачатак Майдану ў 2013-м. Тады праз жменьку збітых студэнтаў у хуткім часе выйшла ўся Украіна. Выйшла – і перамагла. І там, у Кіеве, і тут, у Маскве, сілавікі перагнулі палку і збілі безабаронных. Але вынік апынуўся цалкам розны: у адных суседзяў за зняважаны гонар прынята помсціць, у іншых – ствараць сторыз і посціць відосікі.

Здаецца, Франак Вячорка напісаў: маўляў, «любы гвалт з боку ўдзельнікаў даў бы карт-бланш уладам на татальную зачыстку». Гэта, безумоўна, праўда, але не пра Расею, дзе ўсё наадварот. У Расеі кожны, хто практыкуе гвалт, мае карт-бланш на што заўгодна. На гвалце гэтая сістэма трымаецца, а кожная наступная, заснаваная на нейкім іншым прынцыпе – узаемнага паразумення, павагі, дэмакратыі, – станецца адно часоваю прыступкаю для чарговай дыктатуры. І ўсё закруціцца зноў.

Ствараць сторыз прасцей, чымся гісторыю

Узгадаем гісторыю. Сапраўдныя рэвалюцыі ды крывавыя бунты ў Расеі заўжды рабілі лідары з ускраінаў ды гэтак званыя іншародцы. Ад казакоў Пугачова і Разіна да архітэктараў перавароту 1917 года – спрэс габрэяў, каўказцаў, палякаў ды латышоў. Ну, і дзядулю Леніна забываць не варта, які сцвярджаў, што рэвалюцыя магчымая адно ў рэвалюцыйнай сітуацыі, а не тады, калі камусьці таго раптам заманецца. Пакуль жа пратэстоўцы-гіпстары здымаюць сваіх збітых аднадумцаў на айфоны, а пасля ідуць піць смузі, ні пра якую рэвалюцыю казаць не выпадае.

«Расея будзе вольнаю!» Што, праўда?.. Вядома! Але вольнай ужо ў выглядзе свабоднага Уралу, Татарстану, Дону, незалежнай Чачэніі і Дагестану, вольных гарадоў Кёнігсбергу і Пецярбургу. Па-іншаму, даруйце, ніякай воляю пакуль і не пахне. Як казаў класік: «Starbucks» у Маскве будзе вечна, і праз 200 гадоў, а белыя стужкі… цьфу, мы даўно гэтага не носім!» Сапраўды, а хто памятае тыя белыя стужкі? Пратэсты на Манежнай плошчы? Дый якая розніца, калі ствараць сторыз нашмат прасцей, чымся гісторыю.

Алесь Кіркевіч belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў