Расея адмовілася выдаць Украіне экс-камандзіра «Беркута», які разганяў Майдан


Экс-камандзіра кіеўскага палка «Беркут» Сяргея Кусюка не ​​возьмуць пад варту па запыце ўкраінскага боку, бо ён атрымаў грамадзянства Расеі.

Пра гэта сёння паведамілі ў прэс-службе Генпракуратуры Расеі, перадае «Інтэрфакс-Украіна».

«У адпаведнасці з артыкулам 61 Канстытуцыі РФ і артыкулам 57 Канвенцыі аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах ад 1993 года выдача грамадзян Расеі іншым дзяржавам не ажыццяўляецца. У сувязі з гэтым 8 чэрвеня 2017 года Генпракуратурай РФ адмоўлена ў задавальненні запыту ўкраінскага боку ў затрыманні і ўзяцці пад варту Кусюка С.Н. да атрымання патрабавання аб яго выдачы», – гаворыцца ў паведамленні ведамства.

Як вядома, пасля Еўрамайдану ў 2014 годзе намеснік міністра ўнутраных спраў Сяргей Яравы заявіў, што намеснік кіраўніка расфармаванага спецпадраздзялення «Беркут», палкоўнік Сяргей Кусюк, збег у Крым разам з прадстаўнікамі данецкага «Беркута». Вядома, што 30 лістапада Кусюк непасрэдна Кіраваў разгонам Майдана.

Улетку 2015 Генпракуратура Украіны абвясціла Кусюка ў вышук.

12 чэрвеня 2017 СМІ паведамілі, што былы камандзір «Беркута» Сяргей Кусюк кіраваў амапаўцамі на мітынгу ў Маскве.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў