Расея абяцае, калі будзе трэба, фінансава дапамагчы Беларусі


Расея пры патрэбе разгледзіць магчымасць выдзялення фінансавай дапамогі Беларусі. Аб гэтым заявіў міністр фінансаў Расейскай Федэрацыі Антон Сілуанаў.

«У выпадку крайняй неабходнасці мы гатовы разгледзець іхную просьбу аб дапамозе», – прыводзіць агенцтва «ТАСС» словы Сілуанава, сказаныя ў інтэрвю амерыканскай тэлекампаніі «CNBC».

Пры гэтым Сілуанаў дадаў, што эканоміка Беларусі «цесна звязана» з расейскай.

«Цяпер мы вывучаем сітуацыю разам з нашымі беларускімі калегамі. Мы аналізуем усе фактары, якія аказваюць уздзеянне на эканамічную сітуацыю ў абедзвюх краінах, у прыватнасці санкцыі і падзенне цэн на нафту. Цяпер мы вядзем перамовы», – адзначыў Сілуанаў.

Пра магчымую фінансаваю дапамогу Беларусі з боку Расейскай Федэрацыі заявіў 29 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Менску Аляксандр Лукашэнка. Адказваючы на пытанне аб гэтым, ён, у прыватнасці, сказаў: «Нам не хацелася б больш браць крэдытаў. Але я маю цвёрдыя дамоўленасці з прэзідэнтам і прэм’ер-міністрам: калі нам будзе цяжка, вельмі будзе цяжка – Расея плячо падставіць. Я працытаваў Пуціна».

Дапаможа Расея, паводле слоў Лукашэнкі, «не таму, што мы нахлебнікі, а таму, што, давайце шчыра казаць, наша эканоміка – частка расейскай эканомікі». «Мы спажываем у іх велізарную колькасць рэсурсаў, купляем на 30 мільярдаў долараў па імпарце ў тавараабароце… Мы купляем у іх камплектуючыя, даем ім працу, ствараем гатовы прадукт і палову прадаем у Расейскай Федэрацыі. Гэта выгадна для Расеі? Выгадна. Таму нікуды не дзенешся – трэба падтрымаць, калі гэта будзе неабходна. Але мне не хацелася б закрэдытоўвацца і далей».

Лукашэнка расказаў аб магчымасці атрымання чацвёртага транша крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС і аб тым, што «мільёнаў 500 Расея нам дакладна паабяцала ў мінулым годзе, што яны з бюджэту могуць выдзеліць».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь чакае няпросты год, у тым ліку ў плане пагашэння даўгоў. У 2015 годзе дзяржаве прыйдзецца пагасіць каля $ 4 млрд. ЗША вонкавай пазыкі. Разам з тым Лукашэнка ўпэўнены ў здольнасці краіны поўнасцю разлічыцца па даўгах.

Паводле Аляксей Арэшка, БелаПАН

Стужка навінаў