Расейцы прэтэндуюць на працоўныя месцы беларусаў?


Журналісты Belsat.eu даведаліся, што дзве базы вакансіяў – беларуская і расейская – спалучаныя паміж сабою. А расейскія чыноўнікі запэўніваюць: у краінах аднолькавыя ўмовы працы, «бо ў нас Саюзная дзяржава». Як дзве краіны пастанавілі перамагчы беспрацоўе?

На сайце Агульнарасейскай базы вакансіяў сярод партнёраў сэрвісу прапісана Дзяржаўная служба занятасці Беларусі. Ёсць на яе і адмысловая спасылка – на сайт Агульнарэспубліканскай базы вакансіяў Беларусі. Адмысловая спасылка на расейскую базу ёсць і ў беларускага сэрвісу. Карэспандэнты Belsat.eu паспрабавалі разабрацца, чаму вакансіі адной краіны рэкламуюць у іншай краіне.

У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Беларусі каментаваць прычыны знаходжання банэра расейскага сэрвісу на беларускім сайце адмовіліся. Але сітуацыю пракаментавалі расейскія чыноўнікі.

Расейскі сайт рэкламуе беларускую службу занятасці насельніцтва

Як распавялі Belsat.eu у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны РФ, з 1996 года грамадзяне дзвюх краін маюць роўныя правы на працаўладкаванне, аплату працы, рэжым працоўнага часу і часу адпачынку, ахову і ўмовы працы, атрыманне медычнай дапамогі і г.д. То бок, умоўна кажучы, беларусы могуць свабодна шукаць працу ў Расеі і ўладкоўвацца на яе – тое, як і расейцы гэта могуць рабіць у Беларусі.

Чыноўнікі распавялі, што два міністэрствы правялі сумеснае паседжанне і вырашылі на ім, што базы вакансіяў двух краін трэба інтэграваць.

«Гэта шмат у чым спрыяе забеспячэнню функцыянавання і развіцця агульнага рынку працы, павышэнню занятасці і зніжэння ўзроўню беспрацоўя на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы», – сказалі нам у расейскім ведамстве.

Беларускі сайт рэкламуе расейскую базу вакансіяў

То бок, дзве краіны вырашылі сумеснымі намаганнямі змагацца з беспрацоўем. Якім чынам? Наўпрост інфармаваць грамадзянаў Расеі і Беларусі пра вакансіі. То бок, і па беларускай базе вакансіяў, і па расейскай можна вельмі проста знайсці працу. Пішаш у пашуковым радку, напрыклад, «кухар» і сэрвіс выдае табе актуальныя вакансіі па гэтай спецыяльнасці. Што праўда, сістэмы не да канца спалучаныя. Так, на расейскім сайце можна абраць выключна расейскія рэгіёны, а на беларускім – выключна беларускія.

Але ў расейскім Мінпрацы ўпэўненыя, што ў іх базе беларусы могуць шукаць звесткі аб свабодных працоўных месцах і нават пакідаць там свае рэзюмэ. Праўда, рэгіён беларусы змогуць пазначыць выключна расейскі… Вось такое дзіўнае спалучэнне парталаў.

Толькі лічбы

На 17 студзеня ў расейскай базе было размешчана 1 231 279 вакансіяў, у беларускай – толькі 79 684. Па афіцыйных звестках, на 1 снежня 2018 года ў Беларусі ў якасці беспрацоўных было зарэгістравана 14,2 тыс. Між тым, гэта далёка не поўная лічба тых, хто, нават паводле афіцыйных звестак, знаходзіцца ў Беларусі без працы. Для параўнання: за 2017 год колькасць беспрацоўных у Беларусі паводле метадалогіі Міжнароднай арганізацыі працы склала 293,4 тыс. чалавек. Пры гэтым зарэгістраваных беспрацоўных было амаль у 13 разоў менш – 22,9 тыс. Нагадаем, што на 1 снежня 2018 года ў базу «дармаедаў» трапілі каля 500 тыс. чалавек.

МГ/Belsat.eu

Стужка навінаў