Расейцы арыштавалі затрыманых украінскіх маракоў


Кіеўскі раённы суд Сімферопаля прыняў рашэнне аб заключэнні пад варту да 25 студзеня наступнага года яшчэ дзевяць грамадзянаў Украіны з трох караблёў украінскіх Ваенна-марскіх сілаў, затрыманых расейскімі памежнікамі ў Чорным моры.

Гэта камандзіры буксіра «Яны Капу» Алег Мельнічук і бранякацера «Нікапаль» Богдан Небыліца, супрацоўнік Службы бяспекі Украіны Андрэй Драч, а таксама Уладзімір Лісавы, Дзяніс Грыцэнка, Юрый Без’язычны, Вячаслаў Зінчанка, Яўген Сямідоцкі і Андрэй Шаўчэнка, пералічвае «Інтэрфакс».

Раней суд прыняў рашэнне аб арышце 15 з 24 украінскіх грамадзянаў з трох затрыманых караблёў. 12 з іх, у тым ліку камандзір бранякацера «Бярдзянск» Раман Мокрак, заключаныя пад варту да 25 студзеня 2019 году. У сваю чаргу Керчанскі гарадскі суд пастанавіў арыштаваць на два месяцы дваіх украінскіх ваенных маракоў і супрацоўніка СБУ Васіля Сароку, якія былі параненыя падчас інцыдэнту ў раёне Керчанскай пратоцы. Іх адправяць у СІЗА пасля выпіскі са шпіталя ў Керчы.

Усе затрыманыя зʼяўляюцца падазраванымі ў крымінальнай справе паводле артыкулу крымінальнага кодэксу «Незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Расеі». Адказнасць за гэтае правапарушэнне прадугледжвае да шасці гадоў пазбаўлення волі.

ВІДЭА
Канфлікт у Керчанскай пратоцы: што гэта было? 5 галоўных пытанняў і адказаў
2018.11.27 16:46

СК, belsat.eu

Стужка навінаў