Расейцы абганяюць. Але беларускі экіпаж МАЗ застаецца ў тройцы лідараў


Каманда «МАЗ-СПОРТаўта» пераадолела сёмы этап ралі-рэйду «Дакар», але адставанне ад лідараў толькі павялічылася – капотнік Сяргея Вязовіча не выціскае дапушчальныя 140 км/г. Расейцы скарысталася перавагай і выйшлі наперад, паведаміла прэс-служба «МАЗ».

МАЗ Сяргея Вязовіча.
Фота: Eric Vargiolu/DPPI

Напярэдадні сёмага этапу беларусы «перабралі» аўтамабілі і замянілі «асноўныя дэталі на новыя». «Але матор у палявых умовах не «прапампуеш», таму МАЗы зноў не змаглі канкураваць з расейскімі экіпажамі на хуткасных участках.

МАЗ Сяргея Вязовіча прыехаў пятым. Пераможцам заезду стаў расяянін Андрэй Каргінаў. У абсалютным заліку беларускі капотнік ідзе ў тройцы лідараў.

Асноўны залік. Крыніца: dakar.com

«Нічога складанага на трасе не было. Плоскі этап, ехалі, як па асфальце, але з кароткімі заходамі на невялікія выдмы. Па-ранейшаму не можам ехаць на максімальнай хуткасці на наўпроставых участках. Атрымліваецца павольней на 5-7 км/г – пры гэтым «у поўны газ». Нічога зрабіць не можам. На кожных 100 кіламетрах прайграем дзесьці дзве хвіліны. На такім тыпе пакрыцця наш аўтамабіль не можа трымаць максімальную хуткасць», – распавёў Сяргей Вязовіч.

На восьмым этапе ралі-рэйду будуць пераважна пясчаныя ўчасткі. Магчыма ў беларусаў атрымаецца скараціць адставанне ад лідараў гонкі.

На другім этапе беларускі экіпаж прыйшоў першым.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў