Расейцам хочуць забараніць браніраваць гатэлі з тэрыторыі Расеі


Напярэдадні чэмпіянату свету па футболе расейскія тураператары просяць ува ўладаў абмежаваць дзейнасць амерыканскіх турыстычных сэрвісаў. Іхную прапанову да 4 чэрвеня разгледзіць Федэральнае агенцтва па турызме.

З ініцыятывай абмежаваць дзейнасць сэрвісу на тэрыторыі краіны ў адказ на антырасейскія санкцыі выступіў кіраўнік аднаго з расійскіх тураператараў, які накіраваў адкрыты ліст у Міністэрства культуры яшчэ ў красавіку.

Як патлумачыў бізнесовец агенцтву РБК, ён прапануе ўвесці абмежаванне на браніраванне праз Booking.com толькі расейскіх гатэляў і толькі для кліентаў, якія знаходзяцца ўнутры краіны. Абмежаванне, паводле прадпрымальніка, не павіннае распаўсюджвацца на браніраванне па-за тэрыторыяй Расеі – расейскія кліенты Booking.com змогуць і далей браніраваць гасцініцы ў іншых краінах, гэтаксама, як і кліенты ў іншых краінах змогуць браніраваць гатэлі ў Расеі.

Некаторыя расейскія тураператары прапануюць ужыць падобныя захады ў дачыненні да сервісаў TripAdviser і Airbnb, што «дазволіць пашырыць поле для прасоўвання расейскіх праектаў».

Рашэнне аб блакіроўцы чыноўнікі прымуць пасля кансультацыяў з прафесійнымі грамадскімі аб’яднаннамі.

Сэрвіс анлайн-браніравання Booking.com, пляцоўка для пошуку кароткатэрміновай арэнды жытла Airbnb і сэрвіс па планаванні вандровак TripAdvisor належаць амерыканскім кампаніям.

ЗША ўвялі санкцыі супраць Расеі ў сувязі з агрэсіяй Масквы ўва Украіне і потым пашырылі іх у адказ на магчымае ўмяшанне ў прэзідэнцкія выбары. Расея ўвяла санкцыі ў адказ.

ДД

Стужка навінаў