Расейскія СМІ распавялі, як Масква адкажа на новыя санкцыі ЗША


У ноч на сераду Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША абсалютнай большасцю галасоў ухваліла законапраект, які ўводзіць санкцыі супраць Расеі, Ірану і КНДР. Расейскае выданне «Коммерсант» распавядае, якім можа быць адказ Масквы на гэтае рашэнне.

Законапраект Кангрэсу ЗША прадугледжвае ўзмацненне жорсткасці ўжо існуючых санкцый, уведзеных амерыканскімі ўладамі ў дачыненні да некалькіх сектараў расейскай эканомікі пасля анексіі Крыму і пачатку ўзброенага канфлікту ў Данбасе, а таксама санкцыі за магчымае ўмяшанне Расеі ў амерыканскую выбарчую кампанію. Цяпер дакумент адправіцца на подпіс да прэзідэнта ЗША Дональду Трампу.

Як піша «Коммерсант», у адказ улады РФ могуць накласці арышт на дачны комплекс амерыканскай амбасады ў Срэбным Бары і іх складскія памяшканні. Акрамя таго, з краіны могуць быць высланы 35 амерыканскіх дыпламатаў – такую ж колькасць прадстаўнікоў амбасады РФ у Вашынгтоне было вымушана пакінуць ЗША ў снежні мінулага года. Таксама расейскі бок разглядае магчымасць абмежаваць максімальную колькасць супрацоўнікаў амерыканскай дыпмісіі ў Маскве. У дыпламатычнай сферы Масква можа адмовіцца ад супрацы з Вашынгтонам па пытанню ціску на КНДР, у тым ліку ў Радзе Бяспекі ААН.

Што ж тычацца іншых сфер, то тут набор рычагоў, якія ёсць у распараджэнні Крамля, абмежаваны, канстатуе выданне. «У нас не настолькі развіты адносіны гандлёва-эканамічныя і інвестыцыйныя са Злучанымі Штатамі, каб укалоць нашых амерыканскіх у двукоссі «сяброў», – прызнаў кіраўнік Расейскага саюзу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў (РСПП) Аляксандр Шохін.

Афіцыйна Крэмль нічога пра адказ на амерыканскія санкцыі не казаў.

 

КА, belsat.eu

Стужка навінаў