Расейскія серыялы са сцэны Купалаўскага тэатру, або Трагічны юбілей Тамары Міронавай


У Купалаўскім тэатры адбыўся юбілейны вечар заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Тамары Міронавай.

Творчы вечар Тамары Міронавай. Купалаўскі тэатр.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

У 90-ыя гады Тамара Міронава была галоўнай зоркай эксперыментальнага тэатру Міколы Трухана «Дзе-я», атрымала прыз у Эдынбургу (спектакль «Чорт і баба»), здзіўляла беларускіх ды замежных гледачоў уменнем пераўвасабляцца ў самыя розныя ролі (ад простых сялянак да мужападобных інфернальных дыктатараў).

Творчы вечар Тамары Міронавай. Купалаўскі тэатр.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

На сцэне Купалаўскага Тамара Васільеўна – з 2001 года. Паводле рэжысёра творчага вечара Алены Ганум, спадарыня Тамара не хацела сядзець у ганаровым крэсле і адно толькі атрымоўваць букеты. Міронава жадала паказаць лепшае, што стварыла на гэтай сцэне.

На юбілейным творчым вечары (3 лютага Тамаре Васільеўне споўнілася 70 год) паказалі ўрыўкі са спектакляў «Вечар», «Людзі на балоце», «Зямля Эльзы», «Дзве душы», «Юбілей ювеліра», «Не мой»… Усюды Тамара Міронава была аднолькава пераканаўчая, вострая, выразная, трагічная. Забываеш, што знаходзішся на свяце, што гэта юбілей, дзе павінны быццам бы пераважаць мажорныя ноткі. Перад гледачамі разгортваліся драматычна-беспрасветныя эпізоды, дзе гераіня Міронавай пакутуе, а ў некаторых урыўках і гіне, не знайшоўшы паразумення з гэтым светам.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Я нездарма сказаў гераіня, а не гераіні. Калі глядзіш на вечарыне запар усе ролі Міронавай, то міжволі згадваеш… позняга Жана Габэна. У сталым веку ён іграў амаль нязменна ў гангстарскім кіно, і яго нешматслоўныя героі зліваліся ў аднаго героя. З Міронавай у нейкім сэнсе адбываецца тое ж самае. Амаль усе вобразы, якія актрыса бліскуча ўвасабляе ў тэатры – спакутаваныя вясковыя бабы, а таму пасля першых двух эпізодаў перастаеш іх адрозніваць, яны ператвараюцца ў адзін невыносна-трагічны вобраз адзінокай і… нікому непатрэбнай самотніцы.

Становіцца шкада і яе гераінь, і… саму Міронаву. Бо выдатна разумееш, што гэтая вялікая актрыса можа сыграць усё што заўгодна, а яе заганяюць у межы вясковага этнаграфізму.

Няўжо рэжысёры не вераць, што Тамара Міронава можа сыграць нешта іншае?

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Перад пачаткам вечарыны на вялікім экране паказвалі нарэзкі з расейскіх серыялаў з удзелам актрысы. Гэта раздражняла, бо вялікая недарэчнасць чуць у прасторы Купалаўскага тэатру з экрана (як дарэчы, часам, і са сцэны падчас юбілею) расейскую мову. Хапае для гэтага іншых пляцовак. Але падобны ход яскрава паказаў – нават у пошлым серыяльным кіно вобразы Тамары Міронавай маюць большую драматургічную разнастайнасць чым на сцэне нацыянальнага тэатру.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Юбілейная вечарына нечакана набыла трагічную афарбоўку: рэжысёр Алена Ганум паказала нам унікальную актрысу, у якой, па сутнасці, няма пакуль творчай прасторы, дзе мог бы напоўніцу разгарнуцца яе незвычайны талент.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Вельмі спадзяюся, што тыя рэжысёры, якія сядзелі ў зале і захоплена пляскалі юбілярцы, прыйшоўшы дамоў, задумаюцца: што б такога новага і нечаканага можна прапанаваць вялікай беларускай артыстцы Тамары Міронавай.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Сяргей Піліпчэня, фота Ірына Арахоўская Belsat.eu

Стужка навінаў