Расейскія мастакі зрабілі партрэт Зяленскага з цукерак «Roshen». Фотафакт


Пецярбургскія мастакі зрабілі партрэт кандыдата ў прэзідэнты Украіны Уладзіміра Зяленскага з цукерак, вырабленых на кандытарскай фабрыцы «Roshen», якая належыць іншаму кандыдату, дзейнаму прэзідэнту Украіны Пятру Парашэнка.

З 18 красавіка цукеркавы партрэт Зяленскага будзе вісець у «Салодкім Музеі» ў Санкт-Пецярбургу. Музей належыць карпарацыі забаваў «Big Funny» – сетка незвычайных музеяў. Музеі «Big Funny» працуюць у 9 расейскіх гарадах. Кампанія зладзіла 103 праекты ў ЗША, а таксама ў Амстэрдаме і Барсэлоне.

«Вобраз палітыка моцна змяніўся, – тлумачыць куратар «Салодкага Музея» Аляксандр Данскі. – Людзі больш не давяраюць «строгім пінжакам». Уладзімір Зяленскі цяпер самы моцны палітык Украіны. І ўжо цяпер зразумела, што ён будзе наступным прэзідэнтам».

Дарэчы, партрэт важыць 15 кг. Падчас прэзентацыі партрэту адзін з наведнікаў музею праверыў ці сапраўды ён зроблены з цукерак – і лізнуў карціну. Пасля гэтага карціну змясцілі пад шкло.

«Мы асцерагаліся правакацыяў з боку палітычных праціўнікаў Уладзіміра Зяленскага і ўзмацнілі меры бяспекі, – кажа Данскі. – Учора ў музей тэлефанавалі з пагрозамі, патрабавалі ўсё адмяніць або нам гэта выйдзе бокам».

Карціну зрабілі з розных гатункаў і відаў цукерак: лакрыца, маршмэлоў, мішкі і чарвячкі (з чарвячкоў зрабілі шавялюру Зяленскага), каляровыя дражэ, садавінна-ягадны мармелад. «Самым хадавым матэрыялам сталі жавальныя мішкі жоўтага і сіняга колеру: з іх мастакі выклалі сцяг Украіны, на фоне якога стаіць кандыдат, і патрыятычны гальштук Зяленскага», – распавялі Belsat.eu у музеі.

Неўзабаве «Салодкі Музей» збіраецца даслаць партрэт новаму прэзідэнту Украіны.

19 красавіка на стадыёне «Алімпійскі» у Кіеве адбудуцца дэбаты кандыдатаў у прэзідэнты Украіны. Фінал прэзідэнцкай гонкі адбудзецца 21 красавіка.

Фота – REUTERS/Anton Vaganov

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў