Расейскія махляры прадаюць беларусам крадзеныя аўты


Беларусаў нядобрасумленныя гандляры ловяць на «чэснае слова» ды падсоўваюць падробленыя дакументы і крадзеныя аўты з перабітымі нумарамі.

Шмат хто з беларусаў пачаў прыглядацца да расейскага рынку аўтаў – кошты там цяпер ніжэйшыя. Аднак імавернасць застацца і без грошаў, і без «колаў» – таксама. Беларускае МУС паведамляе пры выпадкі, калі нашыя землякі станавіліся ахвярамі махляроў.

Адзін з нашых суайчыннікаў знайшоў аб’яву аб продажы «BMW X5» ды скіраваўся ў Маскву. Дамовіўшыся пра кошт, гандляр папрасіў трошкі пачакаць, маўляў, каб не губляць часу ў чэргах, пакуль ён будзе здымаць з уліку аўта. Праз некаторы час ён аддаў беларусу ключы, поўны пакет дакументаў. Тое, што аўта крадзенае, ягоны ўладальнік даведаўся ўжо ў беларускім ДАІ, калі ставіў аўта на ўлік. Усе дадзеныя ў дамове аказаліся фальшывымі, акрамя дадзеных пакупніка. «BMW» сканфіскавалі.

«Гэта не адзінкавыя выпадкі, калі купляюць аўты з крымінальным мінулым у краіне-суседцы, – паведамляе прэс-служба МУС. – Праваахоўныя органы Расеі толькі сёлета абвесцілі ў вышук 105 тысячаў транспартных сродкаў».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў